Раніцай 5 чэрвеня ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася Імша з удзелам іерархаў, якія прыбылі на ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе”, што праходзіць у Мінску. Імшу ўзначаліў кардынал Вінко Пуліч, арцыбіскуп Сараеўскі (Боснія і Герцагавіна).
У Імшы ўдзельнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
На пачатку Імшы ўдзельнікаў прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр заахвоціў прысутных маліцца падчас яе аб тым, каб годна прайшоў ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум і каб “Еўропа вярнулася да сваіх хрысціянскіх каранёў”.
Кардынал Вінко Пуліч у гаміліі нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін св. Баніфацыя, біскупа і мучаніка. Святы нарадзіўся каля 674 г. у Вэсэксе (Англія), праз пэўны час уступіў у ордэн бэнэдыктынцаў і ўзначаліў адну з манаскіх школаў. Выконваў евангелізацыйную місію ў язычніцкай Цюрынгіі. Гэты святы, па словах кардынала, даў сведчанне пра Хрыста сваім жыццём. “Таксама і мы з’яўляемся сведкамі Хрыста, тут, у сваёй краіне”, - дадаў іерарх, звяртаючыся да ўсіх прысутных.
Напрыканцы Імшы да ўдзельнікаў звярнуўся сустаршыня ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума кардынал Петэр Эрдзё, арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. “З вялікай радасцю мы сустрэліся разам тут, у Мінску, каб разам з нашымі праваслаўнымі братамі абмеркаваць гэтыя вялікія выклікі, якія стаяць перад Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у сучасным свеце, - сказаў іерарх. – Мы прыехалі з 22 краін Еўропы – вядома, кожны з нас са сваім мясцовым вопытам”.
“Сёння існуюць такія філасофскія думкі, якія кажуць, што плюралізм – гэта каштоўнасць, - дадаў кардынал. – Але яны вельмі часта не прымаюць пад увагу сам змест плюралізму. На базе нашай веры мы як хрысціяне кажам, што плюралізм як разнастайнасць культур, моваў, традыцый – гэта сапраўды вялікі Божы дар. І больше за тое – якраз хрысціянская вера дапамагае нам, кожнаму народу, развіваць гэтыя ўласныя адметнасці. Але трэба сказаць, што гэтая разнастайнасць не з’яўляецца чымсьці каштоўным сама па сабе: мы як хрысціяне лічым галоўным той пункт аднясення, якім ёсць сам Езус Хрыстус. І менавіта ў Хрысце мы, удзельнікі Форума, якія прыехалі з 22 краін, знаходзім сваю агульную базу. На базе нашай веры ў Хрыста мы можам узбагаціць адзін аднаго нашым вопытам веры”. Кардынал папрасіў вернікаў Мінска маліцца за біскупаў, а таксама паабяцаў у сваю чаргу маліцца за Касцёл у Беларусі.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на заканчэнне падзякаваў кардыналу Вінко Пулічу, які ўзначаліў Імшу, і ўсім яе ўдзельнікам.
У гэты ж дзень Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле ў 18.30 узначаліць Імшу арцыбіскуп Трэнцкі (Італія) Луіджы Брэссан. Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены будзе цэлебраваць Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы. У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ўзначаліць Імшу арцыбіскуп Дзіжонскі (Францыя) Раланд Міннерат, у парафіі Св. Яна Хрысціцеля – арцыбіскуп Гранадскі (Іспанія) Хав’ер Марцінес, у Бараўлянах – біскуп Антверпенскі (Бельгія) Джоан Бонні. Імша з удзелам іерархаў, якія прыбылі на Форум, адбудзецца ў мінскай архікатэдры таксама 6 чэрвеня ў 7.15.
Анастасія Грышан
|