У Мінску завяршылася праца ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума |
Беларусь |
05.06.2014 14:14 |
5 чэрвеня ў Мінску завяршылася праца ІV Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе”. Раніцай адбылося апошняе працоўнае пасяджэнне, а затым прэс-канферэнцыя. Падчас прэс-канферэнцыі сустаршыні Форума - кардынал Петэр Эрдзё, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы,
арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі, і Мітрапаліт Сасімскі
Генадзіус, які прадстаўляе Канстанцінопальскі Патрыярхат, - адказалі на пытанні журналістаў. Кардынал Петэр Эрдзё падзякаваў арганізатарам Форума, уладам Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтву мэрыі Мінска, якія дазволілі правесці гэтую сустрэчу паміж католікамі і праваслаўнымі. Па словах Мітрапаліта Генадзіуса, цёплая атмасфера, якую ўдзельнікі "адчулі ў гэтым цудоўным горадзе", дала ім "неабходнае натхненне, каб выявіць свае думкі і рашэнні ў выніковым дакуменце Форума". Кардынал Петэр Эрдзё, кажучы на тэму плюралізму ў Еўропе, адзначыў, што "разнастайнасць у Еўропе сама па сабе каштоўная, настолькі, наколькі яна з'яўляецца аспектам каштоўнасці чалавека". Мітрапаліт Генадзіус, разважаючы пра адносіны паміж Цэрквамі і дзяржавай, заўважыў, што падчас сустрэчы ўдзельнікаў Форума з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам беларускі лідар паказаў ім, што "ў Беларусі існуюць гарманічныя адносіны паміж мясцовымі канфесіямі і дзяржавай, існуюць узаемаразуменне і ўзаемапавага". Кардынал Петэр Эрдзё, адказваючы на пытанне пра супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла ў Еўропе, адзначыў, што існуюць розныя сістэмы такога супрацоўніцтва. Самая распаўсюджаная з іх - гэта, па словах іерарха, тая, якая дазваляе, каб Касцёл меў навучальныя ўстановы рознага ўзроўню. У гэтым сэнсе, як патлумачыў кардынал, дзяржава прызнае дзейнасць Касцёла ў кантэксце рэлігійнай свабоды, а Касцёл можа прапаноўваць грамадству неабходную дапамогу. Мітрапаліт Генадзіус, кажучы пра ўзаемадзеянне паміж рэлігіямі, звярнуў увагу: "Мы жывём у полікультурным грамадстве, у суіснаванні і штодзённым супрацоўніцтве". Іерарх распавёў, што сам ён жыве ў Стамбуле (Турцыя), дзе дамінуючай рэлігіяй з'яўляецца іслам, а хрысціянства знаходзіцца ў меншасці; тым не менш, як дадаў Мітрапаліт, "мы жывём поплеч з нашымі суседзямі, з павагай адзін да аднаго, да правоў чалавека, да нашых вер і каштоўнасцяў", "такім чынам можам працаваць разам". "У нас ёсць таксама супрацоўніцтва на акадэмічным узроўні, дзе мы можам шукаць платформы для агульнага разумення паміж прадстаўнікамі трох монатэістычных рэлігій - хрысціянства, ісламу і іўдаізму", - дадаў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату. Адказваючы на пытанне, што такое маральнасць і што супярэчыць ёй у сучасным свеце, Мітрапаліт Генадзіус звярнуў увагу, што існуе "два наборы каштоўнасцяў: чалавечыя, якія паходзяць з натуры самога чалавека, і хрысціянскія, што адлюстраваны ў нашай агульнай веры католікаў і праваслаўных, - гэта Евангелле і Езус Хрыстус". Па словах іерарха, вядома, хрысціянскія Цэрквы ў Еўропе сёння сутыкаюцца з шэрагам сучасных маральных праблем: гэта, напрыклад, змешаныя шлюбы, саюзы людзей аднаго полу, прызнанне або афіцыйны статус для людзей з пэўнымі асаблівасцямі, гомасексуалістаў. Мітрапаліт дадаў, што ўсе гэтыя праблемы дастаткова складаныя, і Цэрквы спрабуюць удзельнічаць у дыялогу па іх вырашэнні. Кардынал Петэр Эрдзё заўважыў, што "аснова хрысціянскага маральнага бачання - мы, людзі, частка аднаго вялікага Божага праекту", таму што "ў Бога ёсць план для ўсяго чалавецтва". Чалавечае жыццё, па словах кардынала, мае сэнс, каштоўнасць, і яна ў тым, каб "не толькі адчуваць сябе добра ў дадзены момант", але гэта "больш высокія каштоўнасці". "Таму нам трэба паважаць адзін аднаго, працаваць дзеля агульнага дабра, з адказнасцю думаць пра будучае пакаленне", - дадаў іерарх. Сустаршыні Форума падзяліліся таксама сваімі ўражаннямі ад прабывання ў Мінску, дзе праходзіў дадзены Форум. Мітрапаліт Генадзіус нагадаў, што папярэдні, трэці, Форум праходзіў у Лісабоне (Партугалія), на поўдні Еўропы, а цяпер іерархі перамясціліся на поўнач, у Беларусь. "Мы ад'язджаем адсюль з найлепшымі ўражаннямі, - сказаў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату. - Мы пацвярджаем, што Беларусь - квітнеючая краіна. Мы пабачылі Мінск, прыгожы, чысты горад. Наша сустрэча была цудоўна арганізавана - а гэта паказвае высокі ўзровень узаемадзеяння канфесій у вашай краіне. Акрамя таго, тут мы адчулі дабрыню сэрца беларускага народа". "У гэтай краіне вельмі адчуваецца рэлігійнае жыццё", - прызнаўся кардынал Петэр Эрдзё. Кардынал узгадаў пра Імшу, якая адбылася раніцай гэтага дня ў мінскім архікатэдральным касцёлеі ў якой па запрашэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прынялі ўдзел іерархі, што прыбылі на Форум. Сустаршыня Форума дадаў, што ў беларускіх святынях шмат людзей, і сапраўды адчуваецца, што ў Беларусі існуе свабода веравызнання. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на заканчэнне паведаміў, што ў гэты дзень, 5 чэрвеня, Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены будзе цэлебраваць Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы. У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ўзначаліць Імшу арцыбіскуп Дзіжонскі (Францыя) Раланд Міннерат, у парафіі Св. Яна Хрысціцеля – арцыбіскуп Гранадскі (Іспанія) Хав’ер Марцінес, у Бараўлянах – біскуп Антверпенскі (Бельгія) Джоан Бонні. Імша з удзелам іерархаў, якія прыбылі на Форум, адбудзецца ў мінскай архікатэдры таксама 6 чэрвеня ў 7.15. ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум адкрыўся ў Мінску 2 чэрвеня. Раней падобныя Форумы праходзілі ў Трэнта (Італія), на востраве Родас (Грэцыя), у Лісабоне (Партугалія). Да ўдзелу ў Форуме былі запрошаны каталіцкія і праваслаўныя іерархі з 22 краін. Анастасія Грышан
|