Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Лічу, што пра Бога дзецям трэба казаць ад нараджэння»: адвэнтавы каляндар ад маладой мамы
Беларусь
03.12.2015 12:18

Летась мы ўжо пісалі пра маладую маму Марыю Колесаву-Гудзіліну з парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, якая сваімі рукамі змайстравала для дачкі адмысловы каляндар на Адвэнт.

Сёлета жанчына працягнула гэтую справу. І цяпер у сям’і Гудзіліных не толькі чатырохгадовая Сафія, але і яе малодшая сястрычка Стэфанія кожны дзень Адвэнту будуць перажываць па-новаму.

«Калі ў мінулым годзе мы рабілі каляндар на Адвэнт самі, то гэтым разам замаўлялі асобны — з дрэва, — дадае Марыя. — Спадзяюся, ён будзе служыць нам не адзін год».



Адвэнтавы каляндар сям’і Гудзіліных — гэта драўляная паліца з падзеленымі на 24 часткі ячэйкамі. У кожнай з іх — самаробныя скрынкі з заданнямі, якія маладая мама аформіла на каляровай паперы.

Такім чынам, кожны дзень Адвэнту для Сафіі і Стэфаніі абяцае быць плённым: зрабіць падарунак сваімі рукамі, ахвяраваць штосьці са сваіх цацак, схадзіць у лялечны тэатр і г.д. Самае галоўнае, што за кожнае заданне дзеці будуць узнагароджаныя.

У першы дзень Адвэнту Сафія і Стэфанія пісалі святому Мікалаю ліст. І, як прызналася Марыя, заданне хоць і было простым, адназначным яно не стала.

Дзяўчынкі Стэфанія і Сафія з падрыхтаванымі для святога Мікалая лістамі

«Калі ў мінулым годзе Сафі ніякіх пытанняў не задавала, то сёлета дачушка пацікавілася, хто такі Дзед Мароз і чаму ён дапамагае святому Мікалаю, — дадае жанчына. — У лісце Сафі папрасіла, каб да нас прыехаў Падзінгтан — казачны герой з нашай любімай кнігі “Прыгоды Падзінгтана”. А Стэфані прасіла марожанае і яшчэ сіні падарунак, у які святы Мікалай сам вырашыць, што можа пакласці».


Казачны Падзінгтан, цацку якога папрасіла ў святога Мікалая чатырохгадовая Сафія, ужо амаль даехаў да адрасата. Дзяўчынка атрымае падарунак на Божае Нараджэнне

За першае выкананае заданне святы Мікалай перадаў дзяўчынкам наклейкі для адвэнтавай мазаікі ад «Каталіцкага весніка».

«Я лiчу, што казаць пра Бога дзецям трэба ад нараджэння, — дадае Марыя. — У гэтым годзе я ўпершыню далучыла на кожны дзень адвэнтавага календара ўрыўкi з Бiблii, якія мы разам будзем чытаць і тлумачыць».
Марыя прызнаецца, што прыдумаць новае заданне для дзяцей на кожны дзень не так і проста, таму некаторыя заданні паўтараюцца з леташняга календара. Дапамагае з парадай і мама.

«У маім дзяцінстве такога календара не было, затое зараз мая мама ахвотна дапамагала рабіць такі каляндар для ўнучак, — адзначае жанчына і з усмешкай дадае: — А налета я абавязкова зраблю такі каляндар і для мужа».

Ілья Лапато, фота з архіва сям'і Гудзіліных

Ад рэдакцыі:
Калі вы хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй падрыхтоўкі дзяцей да Божага Нараджэння і перажывання Адвэнту, пішыце ў рэдакцыю на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.