Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У пошуках чыстага сэрца: адвэнтавае чуванне моладзі адбылося ў Мінску (+фота)
Беларусь
13.12.2015 14:00

Мінская архікатэдра ў ноч з 12 на 13 снежня ў чарговы раз сабрала ў сваіх сценах моладзь з усёй Беларусі. Шукаць чыстае сэрца і вучыцца захоўваць яго ў чысціні на традыцыйнае адвэнтавае чуванне прыйшлі 435 маладых католікаў. Вядучым сустрэчы быў кс. Андрэй Калядка.

Засяроджанасць у малітве і сустрэчы сяброў, чаканне каля канфесіяналаў і радасць ачышчэння, спевы пад гітару, разважанні, сэлфі з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, які завяршае служэнне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, і многае іншае ўключыла моладзевае чуванне пад назвай «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

Першым пунктам праграмы чування была прэзентацыя гімна на Сусветны дзень моладзі. Пра саму сустрэчу ў Кракаве, а таксама непасрэдна пра гімн распавяла аўтар беларускага тэксту, салістка, адзін з арганізатараў праекта Юлія Шэдзько.

«Мы вырашылі сабраць каманду людзей і напісалі пра гэта ў сацыяльныя сеткі. Людзі згадзіліся і сталі з радасцю хадзіць на такія рэпетыцыі. Гэта была вельмі інтэнсіўная праца. У нас атрымаўся вельмі экуменічны запіс і адчувалася сапраўднае хрысціянскае яднанне.

Для мяне асабіста гэты гімн быў важны тым, што ён кажа пра міласэрнасць. Мне здаецца, што міласэрнасць – гэта тое, чаго сучаснаму свету вельмі не хапае. Можна казаць, што навокал шмат несправядлівасці, але калі ў тваім сэрцы ёсць міласэрнасць, заўсёды можна знайсці шлях да разумення іншага чалавека», – распавяла Юлія і запрасіла да прагляду відэароліка гімна да Сусветнага дня моладзі.

Пра важнасць удзелу ў Сусветным дні моладзі, а таксама малітвы разам з моладдзю з іншых краін нагадаў перад святой Імшой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх таксама падкрэсліў, што моладзь з’яўляецца будучыняй Касцёла.

«Вы – гэта будучыня Касцёла і свету. Але будзеце ёй тады, калі сваё жыццё збудуеце на хрысціянскіх каштоўнасцях. Каб гэтыя каштоўнасці былі ў нашым сэрцы, патрэбна яго ачысціць. Будзем маліцца, каб мы выйшлі пасля гэтага чування праз дзверы катэдры, Браму Міласэрнасці, з чыстымі сэрцамі і былі гатовыя прыняць прыходзячага Пана», – заахвоціў моладзь арцыбіскуп.

Святую Імшу падчас чування канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра тое, што «нячыстасць сэрца таксама з’яўляецца вынікам крывадушнасці». Іерарх заклікаў пазбягаць веры напаказ і быць шчырымі. Арцыбіскуп падкрэсліў таксама важнасць цноты дашлюбнай чыстасці.

«Маючы на ўвазе нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё сучаснай моладзі, трэба рашуча сказаць, што гэта грэх супраць цноты чыстасці. На жаль, сучасны свет залівае цунамі неўпарадкаванага сексуальнага жыцця, якое руйнуе жыццё маладога чалавека, яго псіхіку, будучыню і нярэдка становіцца прычынай невылечнай хваробы СНІДу. Сапраўднай любоўю можна любіць толькі адну асобу, з якой хочам злучыць сваё жыццё», – нагадаў іерарх.

Прыемным сюрпрызам для дзяўчат і хлопцаў падчас чування была аплатковая сустрэча з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, які завяршае служэнне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі.

Нунцый з Італіі за чатыры гады стаў сапраўды «сваім» для моладзі Беларусі. І ў гэты вечар, па-сяброўску жартуючы падчас сваёй прамовы і дзелячыся аплаткай у беларускай вышыванцы, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці паказаў сваю блізкасць да беларускага народа.

Яшчэ раз нагадала пра чысціню сэрца сцэнка, якую паставіла моладзь парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску.

Не кожнае сэрца, паводле ідэі пастаноўкі, зможа ўвайсці ў Божае Валадарства, але толькі сэрца чыстае. Сэрца сучаснай моладзі вельмі часта знявольваецца праз інтэрнэт, гаджэты, распусту, розныя залежнасці і забавы, шукае шчасця ў грашах, модзе і нават магіі. І толькі калі сэрца адмовіцца ад усяго, што яго знявольвае, то зможа стаць шчаслівым і атрымаць сапраўдную еднасць з Богам. Такімі былі асноўныя думкі пастаноўкі.

Набліжацца да Бога і адчуць Яго прысутнасць дапамагла ўдзельнікам чування адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую правёў кс. Раман Суша разам з моладдзю парафіі Свв. Сымона і Алены ў Мінску. Адвэнтавыя разважанні, спалучаныя са спевамі пад гітару, дапамаглі моладзі глыбей адчуць блізкасць Езуса.

Разварушыць удзельнікаў чування змог кс. Юзаф Сярпейка, які ў гумарыстычнай форме распавёў пра неабходнасць духоўнага росту асобы.

«Трэба проста захацець жыць. Быць чыстым сэрцам – азначае імкнуцца, каб гэтае сэрца жыло, бо толькі калі сэрца функцыянуе, ганяе кроў, то гэтая кроў ачышчаецца і не застойваецца», – заўважыў кс. Юзаф Сярпейка.

Святар нагадаў, што навакольны свет людзі ўспрымаюць праз прызму свайго сэрца, таму «шчаслівыя тыя, якія гэтае сэрца маюць чыстым».

«Барані сваё шчасце бачыць Бога», – такі заклік-разважанне гучаў падчас Вяночка да Божай Міласэрнасці, які правяла моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Ачышчаць сваё сэрца, бараніць шчасце бачыць Бога заклікала таксама тэматычная сцэнка моладзі з мінскай архікатэдры. Пастаноўка ў алегарычнай форме адлюстроўвала праблему духоўнай слепаты.

Сляпыя ад нараджэння, пазбаўленыя зроку ў сем’ях, аслеплыя пасля цяжкіх выпрабаванняў і нават тыя, якія не бачаць па ўласнай згодзе і звычцы – вось героі сцэнкі. У ёй гучала думка, што варта выйсці насустрач Езусу, бо толькі Ён зможа даць чалавеку духоўны зрок.

Святым Ружанцам і бадзёрым благаслаўленнем кс. Андрэя Калядкі скончылася чуванне, якое стала яшчэ адным крокам у пошуках чыстага сэрца.

Марына Валасар 

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.