«Я ўбачыў жывы і сучасны Касцёл»: завяршыўся візіт у Беларусь папскага пасланніка кардынала Крыстафа Шонбарна OP |
Беларусь |
03.07.2016 19:10 |
Аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонбарн OP, папскі пасланнік на святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, завяршыў свой візіт у Беларусь. 3 ліпеня, у апошні дзень свайго прабывання на беларускай зямлі, кардынал асвяціў касцёл Маці Божай Будслаўскай, які стаў першай пабудаванай каталіцкай святыняй у Мінску за апошнія 105 гадоў. У межах візіту ў Беларусь кардынал разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які суправаджаў папскага легата, праехаў дарогамі нашай краіны 700 (!) км. У ліку іншых членаў дэлегацыі, якая суправаджала кардынала ў Беларусі, былі таксама прызначаныя дэлегаты на час прабывання аўстрыйскага госця на беларускай зямлі — ксёндз дэкан Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, і кс. Віктар Гайдукевіч SDB, Рэгіянальны настаяцель «Таварыства св. Францішка Сальскага» ў Беларусі. «Касцёл, які не спыніўся ў развіцці» «Я ўбачыў вельмі жывы Касцёл, у якога малады твар — шмат моладзі я сустрэў падчас урачыстасцяў у Будславе і ў тых парафіях, якія наведваў, — адзначыў у каментарыі для Catholic.by аўстрыйскі госць. — Разам з тым мяне вельмі ўразілі твары пажылых людзей, у якія я стараўся ўглядацца: яны вельмі кранулі глыбінёй і напоўненасцю». Кардынал Шонбарн дадаў, што прабывае пад глыбокім уражаннем ад наведвання мемарыяльнага комплекса «Трасцянец» і крыпты Усіхсвяцкага храма ў Мінску, дзе захоўваюцца парэшткі і попел загінулых яўрэяў і ахвяр войнаў. Абагульняючы свае ўражанні ад Касцёла ў Беларусі, іерарх падкрэсліў, што ўбачыў Касцёл, «які не спыніўся ў мінулым, але жыве сённяшнім днём»: «Касцёл у Беларусі за сваю гісторыю шмат цярпеў, але ён не спыніўся ў развіцці, залізваючы раны мінулага, як гэта часам бывае. Касцёл у Беларусі жыве сучаснасцю», — сказаў кардынал Шонбарн. Папскі пасланнік дадаў, што вельмі задаволены сваім візітам у Беларусь, і запэўніў у тым, што абавязкова падзеліцца гэтымі ўражаннямі з Пантыфікам.
Аб тым, наколькі вялікія шансы прыезду Папы Рымскага ў Беларусь і чым плануе падзяліцца кардынал з новапрызначаным Апостальскім Нунцыем у Беларусі мансеньёрам Габарам Пінтэрам, чытайце ў асобным інтэрв’ю Catholic.by, якое з'явіцца на сайце ў бліжэйшыя дні. |