Сімвалы Вялікага посту: цярновы вянок |
Рознае |
02.03.2016 09:04 |
«І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: "Вітай, Кароль Юдэйскі!"» (Мц 27, 27-29) Другі раздзел кнігі «Чарнобыльскай малітвы» называецца «Вянец тварэння», а ўся «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч — нібы вянец цярпення, які пісьменніца падняла з зямлі, што стала сімвалам пакуты і гора для сучаснай Беларусі і не толькі яе…
Церні Чарнобыльскага вянка — гэта тое, што будзе доўга раніць беларускі народ на ягоным шляху да Збаўлення. Кожнаму народу свой Крыжовы шлях і свой вянок, які ён мусіць з годнасцю пранесці, не страціўшы ані годнасці, ані сваёй велічы, дадзенай ад Бога. Церні парабілі і робяць глыбокія раны, церні нябачнага вянка, нябачнасць якога амаль адразу загадалі зрабіць улады, каб не было панікі: «У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў. Ніякіх медыцынскіх рэкамендацый, ніякай інфармацыі» (Яўген Броўкін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, «Чарнобыльская малітва»). Гэта нашыя раны, гэта нашыя кроплі крыві, у кожнай з якіх ёсць імя і прозвішча: «Адчапіцеся, людзі добрыя! Нам тут жыць! Вы пагаварылі і паехалі, а нам тут жыць! (Аркадзь Багданкевіч, сельскі фельчар, «Чарнобыльская малітва») Аднак тое, што было сімвалам болю, цярпення і насміхання, стала сімвалам любові, якая перамагла і стала найвялікшым сэнсам існавання чалавецтва. Матэрыялы з гэтай серыі:
Аксана Ючкавіч |