Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Былі ў мяне пілігрымы», або як наш люд прымае на начлег пілігрымаў
Рознае
06.07.2016 07:30

«Былі ў мяне пілігрымы»… Гэта, напэўна, толькі ў мяне такое адсыланне да Караткевічавых «Былі ў мяне мядзведзі» з'яўляецца, хоць гісторыя з пілігрымамі, якія ідуць у Будслаў, у Тракелі, Гудагай ці Росіцу, не мае нічога супольнага з творам нашага класіка, акрамя толькі таго, можа, што гісторыі пра тое, як пілігрымаў прымаюць у нашых вёсках, мястэчках, нават хутарках, не менш каларытныя і смачныя, чым караткевічаўскія «Мядзведзі» ды іншыя каларытныя слоўныя замалёўкі класіка.

Адно можна толькі сказаць з пачутага з вуснаў саміх пілігрымаў, прыгаданага з уласнага досведу, што беларусы нашыя — вельмі шчырыя і вельмі сціплыя, вельмі далікатныя, з вялікім жаданнем, але часамі і з трапяткой бояззю дапамагчы: «А раптам дапамагу не зусім як трэба? Ды раптам штосьці не так? Не дагаджу?»

Але ўжо тыя, якім сказалі, што ўсё «як трэба», альбо якія ўжо не сумняюцца ў тым, што ў іх атрымліваецца, — робяць гэта так па-заліхвацку, так аддана, так «ад душы».

Прыгадваю сваю першую «сур’ёзную» пілігрымку, у якую яшчэ школьніцай ішла з Маладзечна разам з аднакласніцай і лепшай сяброўкай, што зараз служыць у ордэне Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. І было гэта больш за дзесяць гадоў, а памятаецца шмат дэталяў.

Людзі, з якімі ішлі, і людзі, якія сустракалі і прымалі на начлег.

Успамін з Крывічоў

Доўгая вёска, дзе многія людскія агароды выходзяць да ціхай Сэрвачы. У той пілігрымцы ўзяла нас на начлег 86-гадовая бабуля, імя якой я, на жаль, не памятаю. У яе былі два кійкі, каб ісці было зручней. І была яна маленькая і амаль сляпая, але сустрэла нас каля брамаў касцёла і павольна павяла ў свой дамок метраў за 300 ад святыні. Жыла яна ў хатцы, якая мела сенцы і адзін пакой, падзелены дзвюма шафамі. Шмат размаўляла з намі і распавядала пра сваё жыццё.

Прыгатавала нам на вячэру грэчку з малаком, якое прынесла ад суседкі. Мы ціха сядзелі, елі грэчку, і ўглядаліся ў гэтую бабулю, а часам у старыя фотаздымкі, якія заўсёды ў вясковых хатах вісяць недзе на сцяне, часта каля старога люстэрка.

Накарміўшы нас вячэрай, яна павяла нас мыцца на раку. Колькі метраў мы прайшліся за яе хату, дзе ўжо адразу адчуваўся свежы і прыемны халадок. Да ракі быў добры падыход, а таксама зроблены невялікі драўляны масток. Памятаю, што вада была халоднай, але для маіх ног, на якіх было столькі мазалёў (гэта ж была першая сур’ёзная пілігрымка), рака была паратункам.

Памятаю, я глядзела, як цячэ рака, седзячы на нагрэтым за ўвесь дзень драўляным падмостку, і слухала, як бабуля распавядала пра сваё дзяцінства, пра тое, як ледзьве не ўтапілася малой у рацэ, але цудам яе ўратавалі. Памятаю, як ад гэтай сумнай гісторыі самой стала вельмі сумна, так, што забылася на мазалі. Памятаю, як мая сяброўка з ёй ужо павярнулі дахаты, а я папрасілася прыйсці пазней, каб мець часу пасядзець над Сэрваччу і зрабіць рахунак сумлення…

На раніцу наша амаль сляпая бабуля прачнулася раней за нас, так, што і не пачулі, і прыгатавала для нас налеснікі. Іх смак і выгляд я памятаю дагэтуль, бо яны былі спечаны на вельмі вялікай патэльні, але былі не вельмі тонкія, ды не тлустыя і сухія, якраз як мне падабаюцца. Здаецца, іх смак буду памятаць, як і смак наліснікаў, што пякла мая родная бабуля ў сваёй печы.

Мы памаліліся перад сняданкам разам з гаспадыняй, а потым развіталіся і выправіліся ізноў у шлях. І за гэты кароткі час, які застаўся прыгожым і дарагім успамінам «крывічоўскага начлегу», я ішла і дзякавала, думаючы, ці сустрэнуся яшчэ з гэтай бабуляй, якая перадала нам свае інтэнцыі да Маці Божай і крыху сваёй гісторыі жыцця…

Успамін з Кастрычніцкага

А гэта ўжо ўспамін не мой, а перажыты і назбіраны Ірэнай Рубінавай, якая ўсё, што бачыць падчас пілігрымак, запісвае ў фотагісторыю.

Успамін з пілігрымкі «Мінск-Будслаў» з вёскі Кастрычніцкае. Гэта той перыяд пілігрымкі, калі прымае парафія з маляўнічым касцёлам у Альковічах. Не ўсім і не заўсёды хапае парафіян, якія запрашаюць на начлег. Хто не мае намётаў, часамі знаходзіць прытулак на хорах ці дзесьці на лаўцы ў касцёле.

Аднак Ірэна разам з іншымі пілігрымшчыцамі, сярод якіх была і яе дачка, не здавалася. У вёсцы Кастрычніцкае, воддаль ад Альковіч, яна пайшла прасіцца на начлег у хату, якая была бліжэй ад крыжа.

«Даражэнькая, нам бы дзе ў спальніках легчы, каб на падлозе драўлянай, а не на зямлі сырой», — папрасіла яна старэнькую гаспадыню.

«Ай ей жа, як жа я вас прыму, у мяне ж вожык жыве!» — адказала тая.

«Здавалася, вось жа бяда, вожык жыве — мілае і чароўнае тупаючае стварэнне», — падумалі пілігрымы і сказалі, што ён ім не перашкода.

У выніку, паклаўшыся дружна на падлозе на кухні, дзе жыў вожык, пілігрымы толькі пачалі бачыць першы сон, як раптам пачулі рытмічнае тупатанне.

«А вось і вожык!» — сказала Ірэна, якая пачула, што штосьці дабралася да яе ног, але яна асцярожна яго адагнала і пачынала зноў засынаць.

«Дзяўчаты, што гэта ў мяне ў валасах!» — раптам узнялася яшчэ адна пілігрымшчыца.

«А дык жа вожыкі, я чула, любяць гнёзды рабіць, а, відаць, твае светлыя валасы прыйшліся яму даспадобы», — дадала Ірэна, прыгадваючы, што ўсе яе спадарожніцы былі «прыгожыя бландзіністыя» дзяўчаты. І вожык не абміне такіх!

«Карацей, паўночы не спалі, тузаліся», — адзначыла яна з усмешкай.

У выніку, пакуль вожыка «не папрасілі на вуліцу», заснуць не змаглі, а, здавалася, што там мілае стварэнне, аб якім адразу прыгадала гаспадыня, папярэджваючы.

У наступныя гады гэтая бабуля ўжо з радасцю чакала пілігрымаў, якія не спужаліся вожыка.

Даўгінаўская беспамерная лазня

Яшчэ многія пілігрымы, што спыняюцца ў Даўгінаве — апошнім начлезе перад Будславам, — ведаюць пра адно чароўнае месца, дзе можна і ў лазні памыцца, і галодным не застацца.

На вячэру: абавязкова бульба з кіслым малаком

Гэта супергасцінная сям’я, «гіперадкрытая» на безліч пілігрымаў, вядомая ўсім як Пратасевічы. Муж Юзаф і жонка Галіна.

Іх хата знаходзіцца недалёка ад даўгінаўскай святыні — злева.

 

Пратасевічы носяць у лазню ваду, каб усім пілігрымам хапіла

«Поўная хата і хлявы людзей», — гэта пра гэтых людзей напярэдадні будслаўскіх святаў.

Як у той загадцы «Ні вакон, ні дзвярэй — у святліцы шмат людзей», толькі тут не толькі ў святліцы, але і ва ўсіх гаспадарчых пабудовах.

Ірэна Рубінава фатаграфавала іх у 2008 і 2009 годзе, а таксама сёлета.

Браніслава Пратасевіч і Галіна Пратасевіч у 2008 годзе

Браніслава Пратасевіч з унукамі Соняй і Сашам у 2008 годзе

Уласнікі беспамернай лазні. 2016 г.

«Што ты мульцікі робіш? — казаў Ірэне яе муж наконт яе фотаздымкаў, а яна адказвала: “Гэта мая ўдзячнасць ім”».

І гэтыя ўспаміны аб нашых беларусах, якія сустракаюць пілігрымаў, напэўна, многія могуць працягваць, з падзякаю і з радасным трымценнем распавядаючы іншым, як сведчанне, як досвед сустрэчы з людзьмі працы, людзьмі шчырасці, простасці і «наскасці-аўтэнтычнасці».

«Былі ў мяне пілігрымы»,  — у сваю чаргу пачуеш ад іх, якія перажылі навалу пілігрымаў, што спяшаюцца да Маці Божай, і пачнеш разгадваць, як яно было.

І будзе ўзгадвацца ім, а можа, і забудзецца хутка, завіханне ў турботах, аднак для многіх саміх пілігрымаў, магчыма, застанецца ў памяці надоўга прыгодай сустрэча з тымі, хто прымаў і дзяліўся тым, што сам мае, тым, чым жыве…

«Былі мы ў пілігрымцы ў такой сям’і …» — будзе пачынацца расповед пра чарговы дзень адных, «Былі ў мяне пілігрымы…» — распачнецца расповед у іншых…

І дзякуй Богу, што так было, і няхай так будзе.

У наступным годзе няхай адным зноў дойдзецца, а другім няхай дачакаецца.

Аксана Ючкавіч

Фота Ірэны Рубінавай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона