Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі да малітвы ў інтэнцыі Сінода Біскупаў на тэму сям’і
Канферэнцыя Біскупаў
22.09.2015 10:55

Тэкст на польскай мове>>>

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
дарагія вернікі Беларусі!

Усе мы добра ведаем, які крызіс перажывае сучасная сям’я. Дэвальвуецца само яе паняцце як Богам устаноўленага адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця і ўзаемадапамогі, а таксама для працягу патомства і яго выхавання. Замест гэтага ўсё часцей заканадаўча дазваляюцца гомасексуальныя саюзы і нават з правам усынаўлення. Павялічваецца колькасць разводаў, што з’яўляецца трагедыяй не толькі для сужэнцаў, але і для дзяцей, якія пры жывых бацьках становяцца як быццам сіротамі. Многія жывуць разам без касцёльнага благаслаўлення і нават без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Найбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, становіцца таварам, які можна купіць і прадаць. Амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі ў галіне генетыкі дазваляе ім маніпуляваць. Аб гэтым вельмі добра сведчыць практыка штучнага апладнення (in vitro), якая пашыраецца, у тым ліку і ў нашай краіне, супярэчыць Божаму закону і з’яўляецца адным з цяжкіх грахоў.

Сацыяльна-культурны кантэкст сучаснасці, а менавіта антрапалагічныя змены ва ўспрыняцці Евангелля і вучэння Касцёла адносна сям’і, супярэчнасці сучаснай культуры, у якой усё больш дамінуюць секулярныя тэндэнцыі, сацыяльныя праблемы, экалагічныя выклікі і нярэдка адсутнасць прасямейнай палітыкі, негатыўна ўплываюць як на саму сям’ю, так і на выхаванне маладога пакалення. У выніку чаго сям’я не можа паспяхова выконваць функцыі падмурку грамадства, крыніцы жыцця і школы хрысціянскага выхавання. Замест таго, каб быць супольнасцю любові і салідарнасці (пар. СПС, Уступ), яна становіцца інтэрнатам, дзе члены сям’і, займаючыся выключна сваімі справамі, маюць мала супольнага паміж сабой.

Усё гэта нагадвае аб тым, што сучасная сям’я з’яўляецца вельмі хворай і аздаравіць яе можа толькі Бог. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць. Калі фарысеі спыталі Езуса, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай, бо Майсей дазволіў, то Ён адказаў: так, дазволіў з-за жорсткасці вашых сэрцаў, але на пачатку так не было. Тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

На грэчаскай мове слова «жорсткі» азначае «склератычны». Мы ведаем, якой цяжкай хваробай з’яўляецца склероз. Яго практычна нельга вылечыць, але можна прадухіліць. З Божай дапамогай таксама можна прадухіліць і крызіс сям’і.

Зважаючы на крызіс, які перажывае сучасная сям’я, Святы Айцец Францішак склікае чарговы Сінод Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце», які адбудзецца ў Ватыкане 4-25 кастрычніка гг. Маючы на ўвазе вельмі вялікае значэнне гэтага сусветнага форуму біскупаў, заклікаю ўсіх да малітвы ў яго інтэнцыі. Для гэтага, адпаведна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ружанцовая малітва ў кастрычніку ахвяруецца ў інтэнцыі Сінода. Таксама сайт catholic.by штодзённа на працягу кастрычніка будзе прадстаўляць катэхезы на тэму сям’і і разважанні да малітвы Ружанца, звязаныя з тэматыкай сям’і.

«Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41), — заклікае Езус.

Няхай Міласэрны Бог праз заступніцтва Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа — прыме нашыя малітвы, каб Сінод Біскупаў знайшоў шляхі аздараўлення сям’і з крызісу, які яе ахапіў, і яна сапраўды была надалей падмуркам грамадства, першым месцам гуманізацыі асобы і грамадства, а таксама калыскай жыцця і любові (пар. ChL 40), хатнім Касцёлам (пар. FC48), супольнасцю любові і салідарнасці (пар. СПС, Уступ), месцам цэласнага выхавання маладога пакалення (пар. КСВК 242), радасцю і надзеяй свету (пар. GS 1).

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 верасня 2015 г.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» (GS).
2. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Christifideles laici» (ChL).
3. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Familiaris consortio» (FC).
4. Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла. Мінск, «Pro Christo» 2011 (КСВК).
5. Статут правоў сям’і. Мінск, «Pro Christo». Мінска-Магілёўская архідыяцэзія 1998 (СПС).

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты Заклік вернікам у нядзелю 27 верасня 2015 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены