Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Глыбіня і пазачасавасць Ружанца |
Каляндар |
01.10.2009 12:33 |
Ружанец з’яўляецца адной з найбольш папулярных малітваў у свеце. Ён здаўна вядомы ў рэлігіях Далёкага Усходу, у Праваслаўнай Царкве і ў Каталіцкім Касцёле. Малітва Ружанца не прыпісана да нейкай пэўнай эпохі — яна пазачасавая. Да яе прыбягаюць людзі як простыя, так і высокаадукаваныя, духоўныя асобы і свецкія. Каталіцкі Касцёл у Беларусі прысвячае традыцыйнай для яго ружанцовай малітве месяц кастрычнік. Адгаворваць Ружанец неаднаразова заклікала Маці Божая падчас сваіх аб’яўленняў у Лурдзе, Ля Салет і Фаціме. Маці Тэрэза з Калькуты адгаворвала яго безупынна. Папа Ян Павел ІІ прызнаваўся: «Ружанец — мая любімая малітва! Гэта такая цудоўная малітва! Цудоўная ў сваёй простасці і глыбіні. Падчас яе мы шматразова паўтараем словы, якія Панна Марыя пачула ад арханёла і ад сваячкі Альжбеты. Касцёл у сваёй цэласнасці далучаецца да гэтых словаў». Ружанец — гэта, па-першае, спосаб малітвы, па-другое «інструмент» такой малітвы — шнурок з адпаведна падзеленымі пацеркамі, на якіх мы адлічваем прамоўленыя малітоўныя формулы. Форма Ружанца, вядомая нам сёння, узнікла не адразу, на працягу многіх стагоддзяў яна праходзіла разнастайныя этапы. У пачатку існавання хрысціянства многія вернікі надавалі вялікае значэнне словам апостала Паўла: «Няспынна маліцеся» (пар. 1 Тэс 5, 17). Адказам на гэты заклік, асабліва актуальны ў пустэльным і законным жыцці, былі кароткія малітвы-паўторы, якія дапамагалі думкамі і сэрцам узносіцца да Бога. Ёсць звесткі аб пустэльніку св. Паўле з Тэб (ІІІ ст.), які стараўся адгаворваць кожны дзень трыста малітваў «Ойча наш». Для падліку малітваў святы карыстаўся трымастамі каменьчыкаў, якія клаў сабе на калені. З VI ст. для падліку пачалі ўжываць шнурок з пацеркамі. З гэтага часу паходзіць самае старажытнае сведчанне аб тым, што адной з паўтаральных формул стала евангельскае прывітанне Марыі анёлам: «Вітай, Марыя». Гэтая малітва шырока распаўсюдзілася ў часы сярэднявечча разам са спецыяльным набажэнствам да Маці Божай, якое таксама з’явілася ў гэты перыяд. Тады нарадзіўся і звычай адмаўляць 150 «Вітай, Марыя», што адпавядала 150 псальмам у Псалтыры. З ХІІ ст. паходзіць звычай перапляцення малітваў «Вітай, Марыя» з «Ойча наш». У час адной з найбольш жахлівых эпідэмій чумы да анёльскага прывітання дадалі іншае прывітанне: «Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай». Назва малітвы Ружанца, магчыма, паходзіць ад распаўсюджанай у сярэднявеччы назвы вянка кветак, які ў некаторых мовах называўся ружанцам. Існуе легенда (каля ХІІІ ст.), якая апавядае аб лянівым маладым чалавеку, адзіным заняткам якога было пляценне вяночка з кветак і аздабленне ім фігуркі Маці Божай. Пазней ён уступіў у закон, аднак, не маючы магчымасці працягваць свой любімы занятак, вырашыў пакінуць кляштар. Тады адзін стары манах параіў яму: «Калі ты хочаш ўшаноўваць Каралеву Марыю, пляці для яе вяночак са словаў хвалы, чытаючы па пяцьдзесят „Вітай, Марыя“ штодзень. Гэты вяночак ёй будзе значна больш даспадобы, чым лілеі і ружы». У XV ст. адгаворванне Ружанца пачынае ўключаць у сябе разважанне над жыццём Езуса і Марыі. Былі выбраны 15 галоўных момантаў з іх жыцця, кожны з якіх адпавядае пэўнаму дзесятку малітваў «Вітай, Марыя». Таямніцы Ружанца падзяляюцца на 3 часткі: радасныя, балесныя і хвалебныя. Тады Ружанец атрымлівае форму, вядомую сёння. 16 кастрычніка 2002 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ абвясціў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae («Ружанец Панны Марыі»), у якім заахвоціў нанава адкрыць Ружанец і аб’явіў перыяд ад кастрычніка 2002 да кастрычніка 2003 Годам Ружанца. Папа паведаміў таксама, што вядомая на працягу вякоў ружанцовая малітва дапоўнена новай, чацвёртай, часткай. Новую частку Ружанца складаюць таямніцы святла, звязаныя з публічнаю дзейнасцю Хрыста: хрост Пана Езуса ў Ярдане, першы цуд на вяселлі ў Кане, абвяшчэнне Валадарства Божага, перамяненне Пана на гары Табор і ўстанаўленне Эўхарыстыі. Доўгі час з’яўленне Ружанца звязвалася з асобай святога Дамініка, які нібыта атрымаў яго ад самой Маці Божай падчас яе аб’яўлення. Аднак відавочна, што гэтая малітва фарміравалася на працягу стагоддзяў, таму няма падставаў для таго, каб прыпісваць яе з’яўленне аднаму чалавеку. Разам з тым святы Дамінік і браты яго ордэна садзейнічалі распаўсюджванню малітвы па ўсім свеце. У 1569 г. папа Пій V, які быў дамініканцам, спецыяльным дакументам зацвердзіў Ружанец. Доўгія стагоддзі дамініканцы стваралі ружанцовыя супольнасці. Спецыфіка малітвы Ружанца, якая базуецца на паўторы формул, садзейнічае падрыхтоўцы сэрца і розуму да разважання над найважнейшымі падзеямі з жыцця Хрыста і Яго Маці, якія спрыялі нашаму збаўленню. Рытм словаў Ружанца падтрымлівае безупынную сувязь з Богам, абуджае прагу глыбейшай веры, дапамагае чалавеку адкрыцца на Божую любоў. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.