7 кастрычніка, у свята Маці Божай Ружанцовай, вернікі парафіi Маці Божай Ружанцовай у Лабне (Гродзенская дыяцэзія) святкавалі адпустовую ўрачыстасць. Святую Імшу суму цэлебраваў кс. Юрый Марціновіч.
Месяц кастрычнік прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. У гэты час вернікі звяртаюцца да яе Сына праз ружанцовую малітву. Варта адзначыць, што Ружанец з’явіўся ў познім Сярэднявеччы як дапамога для простых манахаў, якія не ўмелі чытаць і пісаць. Не ўмеючы маліцца псальмамі, яны прамаўлялі малітвы «Ойча наш» і «Вітай, Марыя…», разважаючы над таямніцамі гісторыі збаўлення. Паступова Ружанец выйшаў за межы гэтага кола і распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле.
Сёння многія вернікі не ўяўляюць рэлігійнага жыцця без Ружанца, а некаторыя нават лічаць, што не прамаўляць яго з’яўляецца грахом — хоць нават сама Маці Божая не малілася гэтай малітвай. Разам з тым сутнасць Ружанца ў тым, у чым сутнасць малітвы Марыі — у разважанні ў сваім сэрцы над справамі, якія Бог учыніў і працягвае чыніць. Як нельга адлучыць псальмы ад гісторыі Ізраэля, так немагчыма адлучыць Ружанец ад гісторыі збаўлення ў Хрысце.
Марыя — Маці Хрыста, і яе мацярынства распаўсюдзілася таксама на гэтую гісторыю. Паўтарэнне шмат разоў «Вітай, Марыя…» з’яўляецца толькі знешнім бокам Ружанца. Марыя з’яўляецца Маці Божай Ружанцовай таму, што сапраўдны Ружанец пульсуе яе жыццём і жыццём яе Сына.
Папа Павел VI нездарма пазбягаў традыцыйнага выразу «адмаўляць Ружанец», а заўсёды адзначаў, што над Ружанцам трэба разважаць, медытаваць, — і менавіта разважанне важнае ў гэтай малітве. Яна павінна стаць малітвай медытацыі, дзе вернікі маглі б сузіраць таямніцу жыцця Марыі і яе Сына. Заклікаючы да Ружанца, Марыя запрашае нас да свайго жыцця і жыцця Хрыста, да жыцця, якое з’яўляецца збаўленнем.
Над сутнасцю і каштоўнасцю Ружанца разважалі ўдзельнікі адпустовай урачыстасці ў Лабне. Ксёндз Юрый Марціновіч у гаміліі звярнуў увагу на моц ружанцовай малітвы. Святар заахвоціў вернікаў да таго, каб у Год веры яны больш цанілі гэтую малітву, да якой заахвочвала сама Марыя падчас аб’яўленняў у Люрдзе і Фаціме. Як адзначыў кс. Марціновіч, праз Ружанец чалавек дазваляе весці сябе Маці Божай — узору веры ў разважанні над Хрыстовымі таямніцамі.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Пробашч кс. Казімір Жывалеўскі рыхтаваў вернікаў да парафіяльнага свята на працягу доўгага часу, тлумачачы ім, чым з’яўляецца супольны адпуст і якія ўмовы патрэбны для яго атрымання. Дзякуючы гэтаму падчас парафіяльнай урачыстасці шмат людзей прыступіла да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Кс. Юрый Марціновіч
|