9 сакавіка ў католікаў распачаўся Вялікі пост |
Каляндар |
08.03.2011 03:59 |
9 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле распачаўся Вялікі пост. Папяльцовая серада — першы дзень саракадзённага літургічнага перыяду падрыхтоўкі да велікодных святаў. Падчас літургіі адбываецца абрад пасыпання галоваў попелам. Адсюль і назва — Папяльцовая серада. Пасыпаючы галовы попелам, святар кажа: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэта сімвалізуе нашу гатоўнасць да пакаяння, да перажывання посту ў малітве і адрачэннях, а таксама нагадвае аб тым, што мы часова на гэтай зямлі. У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. У Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана прадпісаны абавязковы строгі пост — на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных страваў. У час Вялікага посту ў касцёлах адыбваюцца набажэнствы на ўшанаванне Мукі Езуса Хрыста. У кожнай парафіі праходзяць таксама рэкалекцыі — некалькі дзён асабліва прысвечаных Богу, малітве, разважанню над верай, жыццём і адносінамі з людзьмі. Людзі прыступаюць да сакрамэнту пакаяння (паводле касцёльных наказаў, прынамсі раз на год кожны католік абавязаны паспавядацца і ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію). Пост — гэта не толькі малітва, але таксама міласціна і добрыя ўчынкі.
|