Сёння, 24 сакавіка, Касцёл распачынае Пасхальны Трыдуум, у час якога будзе ўзгадваць муку, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Святы Пасхальны Трыдуум пачынаецца Імшой Вячэры Пана, а завяршаецца Нешпарамі Уваскрасення Пана.
Праз Пасхальную таямніцу Хрыстус здзейсніў справу адкуплення чалавецтва і дасканала праславіў Бога. Менавіта таму Пасхальны Трыдуум мукі і ўваскрасення Пана вянчае літургічны год і з’яўляецца яго кульмінацыяй. Як нядзеля займае цэнтральнае месца ў тыдні, так урачыстасць Пасхі з’яўляецца вяршыняй літургічнага года.
Сама назва «Пасхальны Трыдуум» распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, здзейсненай Папам Піем ХІІ, а да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам» — Triduum Sacrum. Слова «трыдуум» нельга перакладаць як «тры дні», бо яно азначае не пэўную колькасць гадзін, а паслядоўнасць падзей пасхальнай таямніцы: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрасенне.
Пасхальны Трыдуум займае галоўнае месца не толькі ў касцёльным і літургічным годзе, але і ў народнай традыцыі. У гэтыя дні змяняецца і набывае цалкам іншы рытм гаспадарчае жыццё, пра што сведчаць шматлікія абрады і народныя звычаі.
Вялікі чацвер — дзень Божай любові і пакоры
Шмат гістарычных і літургічных падзей прыпадае на гэты дзень. Перш за ўсё гэта Апошняя Вячэра, падчас якой Езус абмывае ногі вучням і ўстанаўлівае Эўхарыстыю і сакрамэнт святарства. У гэты ж дзень Езус звяртаецца да вучняў з развітальнай прамовай, выкрывае здрадніка і моліцца ў Гетсэманіі. Гэты дзень завяршаецца арыштам Езуса. У Вялікі чацвер Касцёл нагадвае вернікам пра дзве вялікія цноты — Божую любоў і пакору, каб вызнаўцы Хрыста адпаведна падрыхтаваліся да годнага прыняцця Найсвяцейшага Сакрамэнту. У катэдральных касцёлах у першай палове дня ў гэты дзень цэлебруецца так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Падчас гэтай Імшы перад заканчэннем Эўхарыстычнай малітвы біскуп асвячае алей хворых, а пасля святой Камуніі — алей катэхуменаў (калі гэта прынята) і кансэкруе алей хрызма.
Імша Хрызма з’яўляецца адной з найважнейшых праяваў паўнаты святарства біскупа і знакам еднасці з ім святароў мясцовага Касцёла. Падчас Імшы Хрызма духавенства з усёй дыяцэзіі публічна аднаўляе свае абяцанні, дадзеныя ў дзень прэзбітэрскага пасвячэння.
Увечары шматлікія вернікі збіраюцца ў парафіяльным касцёле, каб разам перажываць асноўную падзею дня — Імшу Вячэры Пана, якой і распачынаецца Пасхальны Трыдуум. Гэтая Імша ў Вялікі чацвер мае асаблівае значэнне – яна з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмыцця ног 12 асобам на знак таго, што ўчыніў Хрыстус, пакідаючы хрысціянам свой запавет пакоры і любові.
У 2016 годзе адбыліся змены ў абрадзе абмыцця ног. Раней для ўдзелу ў абрадзе выбіралася 12 мужчын. Святы Айцец Францішак ініцыяваў у ім змены, якія закліканы «прадэманстраваць поўны сэнс абраду».
Да гэтага часу рэкамендацыя, змешчаная ў рубрыках Рымскага Імшалa, гучала наступным чынам: «Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных мужчын...». Пасля змен тэкст гучыць так: «Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных з Божага народа…». У дакуменце тлумачыцца, што цяпер «душпастыры могуць выбраць невялікую групу вернікаў, якая ўяўляе сабой разнастайнасць і адзінства кожнай часткі Божага народа». Прычым гэтая група можа складацца як з мужчын, так і з жанчын, маладых і пажылых, здаровых і хворых, духавенства, манаскіх асобаў, свецкіх.
На заканчэнне Імшы Вячэры Пана Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі ўрачыста пераносіцца ў так званую «цямніцу» ў памяць пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.
Народныя звычаі: неабходнасць пакаяння і аскезы
З Вялікім чацвяргом звязана таксама шмат народных звычаяў і абрадаў, спалучаных з гаспадарчым жыццём. Пасля святой Імшы, калі ў касцёле змаўкалі званы, па вуліцах хадзілі хлопцы з драўлянымі трашчоткамі. Іх грукат нагадваў людзям пра неабходнасць пакаяння і аскезы, а таксама абвяшчаў набліжэнне свята Уваскрасення Пана.
У кожным доме на гэты дзень традыцыйна гатавалася посная поліўка. Гаспадыні гатавалі яе па сваіх уласных арыгінальных рэцэптах, ужываючы для яе толькі самыя простыя прадукты. Асноўнай ежай у гэты дзень былі квас і грыбная поліўка.
У народнай традыцыі Вялікі чацвер называецца таксама «чыстым», таму што важным элементам гэтага дня, асабліва для моладзі, было купанне, па магчымасці, у цякучай вадзе, звычайна ў рацэ. З гэтым днём былі звязаны і народныя прыкметы: «Калі ў ноч перад Вялікім чацвяргом не было марозу — ужо будзе цёпла» і «Якое надвор’е ў чацвер, такое і ў нядзелю».
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч Фота Віталія Палінеўскага
|