Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прывітаў беларускіх грэка-каталіцкіх пілігрымаў
Грэка-Каталіцкая Царква
25.11.2013 15:34

Беларускіх грэка-католікаў, якія прыбылі ў Рым на ўрачыстасці закрыцця Года веры, а таксама з нагоды 390-годдзя мучаніцкай смерці св. Язафата Кунцэвіча i 50-годдзя пакладання яго рэліквій у базыліцы св. Пятра, 25 лістапада прывітаў Папа Францішак. Разам з украінскай супольнасцю беларускія вернікі прынялі ўдзел у Літургіі, якая адбылася ў гэты дзень.

Літургію ўзначалілі Вярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук (Украінская Грэка-Каталіцкая Царква) і прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры. Таксама ў ёй удзельнічаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

На заканчэнне Літургіі да пілігрымаў звярнуўся Пантыфік, нагадаўшы, што 22 лістапада 1963 г. цела св. Язафата было размешчана ў алтары св. Васіля Вялікага, недалёка ад магілы св. Пятра. Гэты святы прыняў манаскае жыццё паводле рэгулы базыліянскага ордэна і спрыяў яго рэформе, у выніку чаго узнік ордэн базыліянаў св. Язафата. “У той жа час, напачатку як просты вернік, затым як законнік і нарэшце архіепіскап Полацкі, ён прыкладаў усе намаганні дзеля адзінства Касцёла пад кіраўніцтвам Пятра, Князя апосталаў”, — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, хрысціянскае жыццё павінна натхняцца імкненнем да адзінства, жаданнем супольна будаваць, супрацоўнічаць, вучыцца адно ад аднаго і разам сведчыць пра веру, а “жаданне еднасці падштурхоўвае імкнуцца разумець іншых, паважаць, прымаць і па-братэрску папраўляць”.

“Лепшы спосаб, каб ушанаваць св. Язафата, заключаецца ў тым, каб любіць адзін аднаго, любіць і служыць адзінству Касцёла. У гэтым нас падтрымлівае таксама мужнае сведчанне шматлікіх мучанікаў мінулых часоў, якія з’яўляюцца вялікім багаццем і суцяшэннем для вашай Царквы”, - сказаў Папа, пажадаўшы грэка-каталіцкім вернікам, каб глыбокая еднасць дапамагала ім у будаванні мастоў братэрства з іншымі Цэрквамі і супольнасцямі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.