Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафія ў Пелясе развіталася са сваім пробашчам кс. Пятром Крыкшчукайцiсам
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.06.2012 16:23

6 чэрвеня 2012 г. у парафіі Святога Ліна ў Пелясе адбылося пахаванне пробашча кс. Пятра Крыкшчукайцiса. Набажэнства ўзначаліў біскуп  Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Парафія ў Пелясе вызначаецца тым, што большасць мясцовага насельніцтва — гэта літоўцы, таму набажэнства прайшло часткова і на літоўскай мове. Прысутнічалі на ім прадстаўнікі ўлады Воранаўскага раёна на чале з намеснікам старшыні гарвыканкама Мечыславам Уляшкам. Быў прысутны і ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў, а таксама мясцовыя ўлады.

«Для вашай парафіі гэта асаблівы час, бо перад алтаром стаіць труна з вашым душпастырам, з якім сёння развітваецеся назаўсёды. А пасля Імшы цела яго будзе даручана вашай магільнай зямлі», — прамовіў да вернікаў кс. Уладзімір Гуляй.

Святар распавёў біяграфію памерлага, адзначыўшы, што служэнню парафіі ў Пелясе кс. Пётр Крыкшчукайцiс прысвяціў 22 гады. Увесь гэты час святар ахвярна служыў парафіі, рамантаваў святыню, аднаўляючы духоўнае аблічча сваіх парафіянаў. Увесь час быў прысутны сярод іх, а пасля смерці пажадаў быць пахаваным на мясцовых могілках.

Ксёндз Гуляй адзначыў, што шматлікія святары прыехалі сюды, каб асаблівым чынам праз канцэлебрацыю Эўхарыстыі маліцца ў інтэнцыі памерлага брата ў святарстве.

Напрыканцы гаміліі святар заахвоціў да малітвы аб новых пакліканнях, будучы перакананым, што «малітва аб пакліканнях пры труне памерлага святара будзе выслухана асаблівым чынам».

Пасля Імшы адбылося пахаванне на мясцовых могілках.

Кс. Юрый Марціновіч

Ксёндз Пётр Крыкшчукайцiс нарадзіўся 26 лістапада 1950 г. у Коўне (Літва).

Вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Коўне ў 1974—1979 гг. Святарскае пасвячэнне прыняў 27 мая 1979 г. у ковенскай архікатэдры. Працаваў вікарыем у парафіях у Малэтэі, Длугу, Алітусе.

У 1982–1983 гг. па асабістаму жаданню быў накіраваны на душпастырскую працу сярод вернікаў у Душанбе (Таджыкская ССР). Калі вярнуўся ў Літву, выконваў абавязкі адміністратара ў парафіі Жэленэі і пробашча ў Чыобішкіс.

З 1990 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Св. Ліна ў в. Пеляса (Радунскі дэканат).

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.