Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Клерыкі гродзенскай семінарыі ў нядзелю Добрага Пастыра памоляцца ў парафіях дыяцэзіі аб новых пакліканнях |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
11.05.2014 02:29 |
![]() Таксама семінарысты выкажуць словы ўдзячнасці вернікам за духоўную і матэрыяльную падтрымку. Ад імя духоўнага айца семінарыі кс. Валерыя Быкоўскага клерыкі зачытаюць зварот, у якім гучыць заклік да малітвы аб новых пакліканнях і за тых, што ўжо пачуў у сабе Божы голас. Разважаючы пра пакліканне, кс. Валерый узгадвае словы святога Яна Паўла ІІ, які сцвярджаў, што пакліканне -- гэта дар і таямніца, спазнанне якіх адбываюцца ў жыцці пакліканага праз усё жыццё: «... ніхто не можа прэтэндаваць на права быць святаром, -- гэта Божая ласка. Гэта цудоўны дар Божай любові і клопату пра чалавека. Гэта плён цеснага супрацоўніцтва пакліканага з Божай ласкай». Кс. Валерый звярнуў увагу на тое, што варта горача маліцца для таго, каб кожны з нас, «калі пачуе ў сваім сэрцы голас Бога, змог знайсці дастаткова мужнасці і любові, нягледзячы на пачуццё нікчэмнасці і страху, і адказаць як малады Самуэль: «Я тут, Пане, Ты клікаў мяне». Заахвоціў святар і да малітвы аб тых, хто ўжо распазнаў у сабе голас Айца, які кліча: «Мы павінны таксама маліцца і аб тым, каб нам удалося засцерагчы ад перашкод Божы заклік у сэрцы нашых блізкіх, калі Божы голас пачуе нехта з нашай сям'і, і каб мы самі не заглушылі яго нашым супраціўленнем, страхам і няўпэўненасцю». У заканчэнні свайго звароту кс. Валеры падзякаваў старэйшаму пакаленню за сілу і моц малітвы, а таксама заахвоціў вернікаў быць сведкамі Хрыста разам з тымі, хто ўжо адчуў Божы заклік і працуе над распазнаннем свайго паклікання: «Дзякуем Вам, паважанае старэйшае пакаленне, за прыклад вашай веры і сведчанне любові да Касцёла. Дзякуючы вашым малітвам і ахвярам можа існаваць наша семінарыя, якая рыхтуе новых святароў для службы Богу і людзям у Хрыстовым Касцёле. Давайце будзем Сведкамі Праўды разам!» (JM)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.