Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Вучыцца евангельскай убогасці на працягу ўсяго жыцця»: завяршыліся Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі (+ фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.05.2014 12:38

Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, завяршыліся 18 мая ХХІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 1200 маладых людзей з усёй дыяцэзіі.

Падчас Імшы біскуп у гаміліі адзначыў: “Часта мы адчуваем сябе разгубленымі, бездапаможнымі перад жыццёвымі драмамі і складаным досведам. (…) Мы бачым, як шмат людзей, у тым ліку і маладых, пагружаецца ў безнадзейнасць, губляе веру, трапляе ў залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў, а часам нават ступае на шлях злачынстваў. Перад гэтымі і падобнымі праблемамі ў сэрцы чалавека нараджаецца неспакой і страх”. Але, як заўважыў іерарх, у Евангеллі Езус кажа: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”. Адной з крыніц людскіх страхаў, па словах біскупа, з’яўляецца "пачуццё згубленасці ў свеце": "чалавек неаднойчы можа згубіцца, збіцца са сваёй жыццёвай сцежкі і пайсці па дарозе зла і граху". Прывёўшы словы Хрыста з чытання Евангелля гэтага дня: “Я – дарога і праўда, і жыццё”, іерарх дадаў: "Езус не спакушае нас лёгкасцю, не прапануе лёгкіх рашэнняў, не дае простага рэцэпта для шчасця. Ён для кожнага з нас прагне быць дарогай, якая вядзе ў дом Айца, дзе шмат святліц".

“Дарога, на якую нас кліча Хрыстус, вядзе праз Кальварыю, але не заканчваецца там. Гэта не дарога ў нікуды. Гэта дарога ў дом Айца. Калі мы ўсвядомім гэта, нам будзе лягчэй паверыць, што тое, што сустракаецца на нашым шляху, у тым ліку нашы нягоды, боль і пакуты – усё мае свой сэнс, з’яўляецца дарам Божага Провіду, які вядзе нас так, каб мы дасягнулі мэты – вечнага жыцця ў доме любячага Айца”, - падкрэсліў біскуп.

Згадваючы, што сёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі праходзілі пад дэвізам: “Убогія духам маюць доступ да неба”, іерарх нагадаў маладым людзям: “Сапраўдная ўбогасць у духу заключаецца ў абсалютнай аддачы сябе Хрысту, у веры, любові і даверы. Пан Езус прагне, каб кожны Яго вызнаўца паставіў Яго на першае месца ў сваім жыцці, каб адкрыўся на Яго Слова і на дар ажыўляючай ласкі. Убогі ў духу вучань Хрыста клапоціцца не аб тым, каб “больш мець”, а аб тым, каб “больш быць”. Ён шукае ў першую чаргу Божага Валадарства і верыць, што ўсё іншае будзе яму дададзена. Такой дарозе евангельскай убогасці мы павінны вучыцца на працягу ўсяго жыцця”.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт гурта “Рыбы”.

Перад тым, як маладыя вернікі вярнуліся да сваіх дамоў, іх заклікалі ўносіць там, дзе яны будуць прабываць кожны дзень, хрысціянскую радасць, сеяць мір і згоду, быць сапраўднымі хрысціянамі, якія не саромеюцца сваёй веры, імкнуцца да дасканалага жыцця, якое паказаў Хрыстус. У якасці прыкладу моладзь у дні сустрэчы разважала пра святых і благаслаўлёных беларускай зямлі.

«Убогія духам маюць доступ да неба» – гэтае пасланне, якое было дэвізам сёлетніх Дзён моладзі, маладых людзей заклікалі несці дадому. Да гэтага яны заахвочваліся падчас гамілій пастыраў, падчас канферэнцый, працы ў групах. Удзельнікаў сустрэчы заклікалі да таго, каб быць пакорнымі, памятаючы, што, як гаворыцца ў Пасланні св. апостала Якуба, “Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку” (Як 4, 6); што пакорны чалавек можа атрымаць вечнае жыццё і шчасце, а шчасце чалавеку можа даць толькі Бог.

Кс. Юрый Марціновіч, AG


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.