Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адкрыліся ўрачыстасці юбілею прысутнасці салезіянаў у Смаргоні (+ фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.05.2014 16:50

24 мая ў Смаргоні пачаліся ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя прысутнасці святароў Таварыства св. Францішка Сальскага (салезіянаў) у гэтым горадзе. Праграма святкавання ўключыла сімпозіум, прысвечаны адраджэнню Каталіцкага Касцёла на беларускай зямлі і ў Смаргоні ў прыватнасці; літургічныя набажэнствы; “Моладзевы фэст”.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, які спецыяльна прыбыў на гэтую падзею з Ватыкана, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны дарадчык з Рыма кс. Тадэвуш Розмус, рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла кс. Генрых Куляшэвіч SDB, абласны кіраўнік салезіянаў-супрацоўнікаў дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Анатоль Выбарны. Прысутнічалі таксама сёстры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі), прадстаўнікі ўлады, парафіяне са Смаргоні, госці з Беларусі і з-за мяжы. Усіх прысутных сардэчна прывітаў настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Аляксандр Яшэўскі SDB.

«Дай мне душы, усё астатняе забяры»

Лозунгам Таварыства св. Францішка Сальскага з’яўляюцца словы: “Дай мне душы, усё астатняе забяры”. Гэты лозунг – цэнтр і аснова духоўнасці і харызмату салезіянаў. Гэты пабожны заклік стаўся ўлюбёнай малітвай ксяндза Боско. Кожны салезіянін па прыкладзе свайго святога заснавальніка звяртаецца да Нябеснага Айца гэтымі словамі, просячы, каб даў ім як мага болей маладых душаў, якія дзякуючы іх дапамозе змогуць увайсці ў брамы вечнага Валадарства.

Выхаванне маладых людзей, апека над збаўленнем іх душаў – гэта прыярытэты салезіянаў, іх штодзённая праца і пакліканне.

Салезіяне працягваюць справу св. Яна Боско і застаюцца вернымі харызме, якую ён ім пакінуў: “Быць для моладзі знакам Божай любові”. Таму, дзе б яны не былі, крытэрыямі iх працы з’яўляюцца:

  • патрэбы моладзі і грамадскага асяроддзя;
  • жаданне дзейнічаць у адзінстве з Касцёлам і ад яго імя;
  • прагненне збудаваць больш справядлівы і братэрскі свет у Хрысце.


«Несці любоў да Бога і Касцёла»



Рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, вітаючы ўдзельнікаў сімпозіума, адзначыў: “Сённяшні юбілей абуджае мноства пачуццяў, бо ўзгадваюцца падзеі 25 гадоў пастырскага служэння салезіянаў у гэтым месцы. У жыцці кожнага чалавека, розных супольнасцяў, грамадстваў вялікую ролю адыгрываюць розныя даты і юбілеі. Яны з’яўляюцца скарбам памяці аб спадчыне, якая фарміруе ідэнтычнасць”. Па словах святара, дадзены юбілей важны не толькі для супольнасці ў Смаргоні, “але і для ўсёй салезіянскай сям’і ў Беларусі”, “гэтая падзея сапраўды мае права называцца фундаментам ідэнтычнасці салезіянаў у Беларусі”. З усёй гісторыі дзейнасці салезіянаў 25 гадоў, як дадаў кс. Віктар Гайдукевіч, “з аднаго боку могуць здавацца кароткім перыядам”, аднак “з другога – перыядам вялікім і вельмі важным, бо гэта быў час адраджэння і аднаўлення”.

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, кажучы пра святкаванне 25-годдзя прысутнасці салезіянаў у Смаргоні, сказаў: “Хто ведае, колькі ласкаў Бог спаслаў праз працу гэтых святароў!” Арцыбіскуп выказаў ім падзяку ад імя Папы.

Таксама прадстаўнік Святога Айца ўзгадаў пра перыяд, калі беларускія вернікі не маглі свабодна вызнаваць Хрыста, адзначыў, што “па гэтай зямлі прайшлі шматлікія войскі розных краін”, “кожнае з іх вельмі шмат забрала з сабой”, “але застаўся гэты народ - глыбокі ў сваёй прастаце, у сваёй годнасці”. Вера ў беларускім народзе, як дадаў іерарх, перадавалася з малаком маці. Кажучы пра служэнне салезіянаў, прадстаўнік Папы падкрэсліў, што “на гэтай зямлі ёсць патрэба ў моладзі і яе сведчанні”, а акрамя матэрыяльных каштоўнасцяў “моладзь мае патрэбу ў тых, хто будзе перадаваць ёй веру ў Хрыста і мець час, каб яе слухаць”.

Нагадваючы пра дзейнасць Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, сакратаром якой з’яўляецца арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, Апостальскі Нунцый адзначыў, што місійныя краіны, якім удзяляе ўвагу гэтае ведамства, - “тэрыторыя нашай будучыні, таму што Еўропа становіцца старой і перастае разумець саму сябе”. “І вельмі прыгожа, што сакратар Кангрэгацыі – сын кітайскага народа і сын дона Боско”, - сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, дадаўшы, што задача гэтага ведамства – “ісці і абвяшчаць Хрыста”.

Апостальскі Нунцый заклікаў салезіянаў быць “аніматарамі ўсяго Касцёла, каб дапамагаць моладзі”, таму што “немагчыма працаваць толькі ў сваім маленькім садзе, бо ўсё гэта – адзін вялікі сад, і альбо ўвесь ён будзе квітнець, альбо ўвесь высахне”.

Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай прывітаў усіх прысутных беларускімі словамі “Дзень добры!”. Іерарх асабліва звярнуўся да сваіх субратоў салезіянаў і моладзі, якая працуе разам з імі, распаўсюджваючы такім чынам Добрую Навіну, “дазваляючы пазнаць Езуса Хрыста”.

Сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў узгадаў, што Папа Францішак у вечар свайго абрання на Святы Пасад перад тым, каб удзяліць благаслаўленне, папрасіў людзей памаліцца за яго. Так, па словах арцыбіскупа, выяўляецца сувязь адносінаў паміж людзьмі і благаслаўлення Бога. З сімпозіумам з нагоды юбілею дзейнасці салезіянаў у Смаргоні, як адзначыў іерарх, звязана адно слова, якое можна назваць ключом усяго, – гэта слова “слухаць”. “Слухаючы слова Божае, мы можам сапраўды насычаць нашу веру, паглыбляць яе. Слухаючы голас чалавека, грамадства, мы можам будаваць нашу культуру, каб яна расла, каб мы раслі, каб рабіць гэта дзеля моладзі, якая асабліва патрабуе нашай дапамогі сёння, - падкрэсліў арцыбіскуп. – У гэтых двух накірунках ёсць прысутнасць Слова, якім з’яўляецца Бог. І гэтая прысутнасць – містычная, таму што Ён прысутнічае сярод нас як Уваскрослы. І Ён прыносіць благаслаўленне свайго Айца, якое з’яўляецца для нас сапраўднай ежай і напоем, што даюць жыццё вечнае”.

Арцыбіскуп ад імя ведамства, сакратаром якога з’яўляецца, выказаў шчырыя пажаданні з нагоды юбілею салезіянаў у Смаргоні. Іерарх звярнуўся таксама да моладзі, якая зрабіла ўклад у падрыхтоўку гэтага свята, пажадаўшы, каб праз сваю працу яна несла “любоў да Бога, да Касцёла”, і сказаўшы ёй па-беларуску: “Дзякую!”

Генеральны дарадчык з Рыма кс. Тадэвуш Розмус адзначыў, што дадзенае свята – не толькі магчымасць “вярнуцца назад, у нейкі гістарычны ракурс”, але перш за ўсё магчымасць “падзякаваць, быць удзячнымі”. “Сёння мы можам сапраўды з упэўненасцю сказаць, колькі было зроблена салезіянамі ў Смаргоні, а таксама ва ўсёй Беларусі, - сказаў святар. – У супрацоўніцтве з уладамі, са свецкімі людзьмі салезіяне пабудавалі тут вельмі прыгожую справу”.

Генеральны дарадчык падкрэсліў, што кс. Ян Боско з’яўляўся “сынам усяго Касцёла” і не ўяўляў сябе па-за яго межамі. “Мы, салезіяне сённяшняга часу, пакліканы, каб ісці да гэтай моладзі, якая сёння мае ў нас патрэбу, - дадаў святар. – Як і іншыя манаскія супольнасці ва ўсім Касцёле, мы пакліканы ўзмацняць яго місійны запал”. Ксёндз Тадэвуш Розмус падзякаваў беларускім салезіянам і заахвоціў іх садзейнічаць таму, каб харызмат св. Яна Боско жыў далей на беларускай зямлі.

Праграма сімпозіума ўключыла даклады арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, першага пробашча адроджанай смаргонскай парафіі кс. Генрыха Куляшэвіча SDB.

Салезіяне ўчора і сёння


У свеце больш за 15 тысяч салезіянаў. Яны прысутнічаюць у 132 краінах, стараючыся зразумець і прыняць багацце культур краін, у якіх служаць, каб у духу павагі і супакою абвяшчаць Евангелле. На сучасную тэрыторыю Беларусі салезіяне прыехалі каля 1920 года і працавалі ў мястэчку Дзятлава (зараз гэта Гродзенская вобласць), дзе адкрылі цяслярскую школу.

У Смаргонь святары Таварыства св. Францішка Сальскага прыбылі ў 1989 г. па запрашэнні тагачаснага Апостальскага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ля пачаткаў душпастырскага служэння салезіянаў на смаргонскай зямлі быў кс. Генрых Куляшэвіч, першы пробашч парафіі і настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, і кс. Юзаф Занеўскі, першы салезіянін з Беларусі.

Зараз на тэрыторыі Беларусі служыць 16 салезіянаў. Асноўныя цэнтры знаходзяцца ў Мінску і Смаргоні, таксама салезіяне служаць у Багданаве, Барунах, Бараўлянах, Дзятлаве, Жупранах, Нястанішках, Варнянах і Наваельні.

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.