24 мая на сімпозіуме ў межах святкавання юбілею 25-годдзя прысутнасці
салезіянскай супольнасці ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні
выступілі з дакладамі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп
Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама першы пробашч адроджанай
смаргонскай парафіі кс. Генрых Куляшэвіч SDB. «Смаргонь вядома сёння “духоўнай акадэміяй” салезіянаў»
Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча быў прысвечаны тэме “Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла”. Іерарх нагадаў, у прыватнасці, што пасля рэвалюцыі 1917 г. “Каталіцкі Касцёл і іншыя веравызнанні ў былым Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі, жорстка пераследаваліся”, “у выніку чаго Касцёл на Усходняй Беларусі ўжо напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя застаўся без сваіх структур і духоўных кіраўнікоў”. Выступоўца распавёў, як у гэтай сітуацыі ажыццяўлялася кіраўніцтва Касцёлам у Беларусі, калі “ліквідаваліся парафіі, святароў станавілася ўсё менш, але вернікі засталіся”.
“Сацыяльна-палітычныя змены, якія адбываліся ў былым Савецкім Саюзе напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, спрыялі адраджэнню Касцёла і асабліва вяртанню раней канфіскаваных святыняў. Неабходна было дабівацца свайго, весці нялёгкія перамовы з тагачаснымі ўладамі, але было бачна асаблівае Божае благаслаўленне. У тыя часы біскупскае служэнне ў Беларусі я выконваў толькі паўтара гады. Аднак за гэты час Каталіцкаму Касцёлу ўдалося вярнуць 97 раней канфіскаваных сакральных будынкаў, - адзначыў, між іншым, Мітрапаліт. - Карыстаючыся гэтай нагодай, хачу выказаць падзяку і ўладам тых часоў, якія зразумелі неабходнасць духоўнага адраджэння ў працэсе агульнага адраджэння народа. Вельмі ўдзячны вернікам, якія мужна дабіваліся свайго”. Арцыпастыр расказаў у дакладзе і пра тое, як вернікі неслі кругласутачную варту каля касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, “штодзённа маліліся на ружанцы і нават праводзілі галадоўку”.
Іерарх узгадаў пра новы этап адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які пачаўся 13 красавіка 1991 г., калі Папа Ян Павел II заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у якую ўвайшлі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі, мансіньёр Казімір Свёнтэк быў прызначаны першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, ксёндз Аляксандр Кашкевіч – першым ардынарыем новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была выдзелена тэрыторыя Віцебскай вобласці і заснавана аднайменная дыяцэзія, першым біскупам якой стаў ксёндз Уладзіслаў Блін. Арцыбіскуп прадставіў сённяшнюю сітуацыю Касцёла ў Беларусі, яго дасягненні – у тым ліку заснаванне навучальных установаў, развіццё выдавецтва і СМІ, справы дабрачыннасці.
Кажучы пра Смаргонь, іерарх адзначыў, што сёння “гэты горад вядомы з-за дзейнасці салезіянаў” – “з-за іх, калі так можна выказацца, духоўнай акадэміі, якая асаблівым чынам клапоціцца пра духоўнае выхаванне моладзі, каб яна была здольнай захаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, бараніць веру і яе сведчыць у сучасным цырку секулярызму і бязвер’я”. “Сёння, калі адзначаецца 25-годдзе прысутнасці салезіянаў у Смаргоні, хацелася б падзякаваць Богу за адраджэнне Касцёла ў Беларусі і смаргонскай парафіі, а таксама салезіянам за іх ахвярнае служэнне, і пажадаць Божага благаслаўлення на будучыню. Няхай дэвіз вашага заснавальніка св. Яна Боско “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце” смела вядзе вас у новае заўтра на хвалу Бога і для збаўлення людзей”, - пажадаў Мітрапаліт салезіянам.
«Дзень вяртання смаргонскім католікам іх парафіі – дзень вялікай перамогі Касцёла»
Першы
пробашч адроджанай смаргонскай парафіі кс. Генрых Куляшэвіч SDB
прадставіў даклад “Прыпынак «Смаргонь» у даўжыню 13 гадоў”. Святар
адзначыў, што дзень, калі смаргонскія католікі атрымалі парафію Св.
Міхала Арханёла, быў “днём вялікай перамогі Касцёла”. Выступоўца
нагадаў, што па распараджэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча стаў
пробашчам гэтай парафіі.
Святар распавёў пра доўгі час
адраджэння, рэстаўрацыі смаргонскай святыні, пра некаторых з яе
вернікаў, пра радасці і цяжкасці, з якімі сутыкалася парафія ў гэтыя
гады, пра самыя значныя і памятныя моманты.
За магчымасць
адраджэння парафіі кс. Генрых Куляшэвіч падзякаваў “найперш Божай
міласэрнасці”. Святар выказаў падзяку Маці Божай, Каталіцкаму Касцёлу – у
прыватнасці Папу і біскупам, усім, хто дапамагаў парафіі. Выступоўца
цёпла падзякаваў таксама самім жа вернікам, якія “ў тыя цяжкія часы
баранілі сваю веру, захавалі яе”.
«Душпастырскія ініцыятывы павінны рэалізавацца не столькі “для моладзі”, колькі “разам з моладдзю”»
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разважаў над тэмай “Моладзь у жыцці Касцёла ў Беларусі”. Іерарх прадставіў агульны нарыс сітуацыі моладзі ў Беларусі, галоўных выклікаў, з якімі сустракаецца Каталіцкі Касцёл у душпастырскай дзейнасці адносна гэтай групы вернікаў, прадставіў сітуацыю моладзі ў Беларусі на гістарычным, грамадскім і культурным фоне, сфармуляваў некаторыя пастулаты, што датычацца душпастырскай дзейнасці Касцёла адносна моладзі, асабліва ў выхаваўчым аспекце.
“Можна сказаць, што бацькі сучасных маладых людзей – гэта пакаленне сямідзясятых-васьмідзясятых гадоў, выхаванае на схіле існавання Савецкага Саюза. (…) Каталіцкі Касцёл заставаўся вельмі абмежаваным у магчымасцях правядзення душпастырства, у тым ліку і ў сферы рэлігійнага выхавання, - адзначыў, у прыватнасці, выступоўца. - У выніку бацькі сённяшняй моладзі часта маюць вельмі абмежаванае і павярхоўнае веданне праўдаў веры, недастатковую прывязанасць да Касцёла і сакрамэнтальнага жыцця, а нярэдка яны ўвогуле называюць сябе людзьмі “веруючымі, але непрактыкуючымі”. Таму сучасныя маладыя людзі выносяць дастаткова малы духоўны багаж з сям’і”. Сёння, па словах біскупа, “Касцёл мае непараўнальна большыя магчымасці дзеяння, чым дваццаць-трыццаць гадоў таму”, але “нярэдка здараецца, што евангелізацыйныя і выхаваўчыя намаганні Касцёла нібы не знаходзяць водгуку – не сустракаюцца з зацікаўленасцю і прыняццем з боку адрасатаў”. У якасці прыкладу іерарх прывёў сітуацыю, калі пасля Першай святой Камуніі “ў кожнай, хіба, парафіі змяншаецца колькасць дзяцей, якія ўдзельнічаюць у катэхезе”. Выступоўца пералічыў тыповыя элементы сённяшняй "культуры постмадэрнізму", прадставіўшы такім чынам акутальную сітуацыю моладзі ў Беларусі.
“Касцёл ніколі не павінен успрымаць моладзь як праблему. Нават перад абліччам натуральных абмежаванняў, характэрных для падлеткавага ўзросту, і непазбежнай рызыкі, якой падвяргаецца маладое пакаленне, Касцёл не павінен глядзець на маладых з недаверам ці незадавальненнем, - адзначыў біскуп. - Трэба паклапаціцца аб тым, каб маладыя людзі, якія ўжо ёсць у супольнасці Касцёла, не былі звычайнымі “атрымальнікамі”, “адрасатамі” душпастырскіх дзеянняў, але каб яны былі прапагандыстамі гэтых дзеянняў, таму ўсе душпастырскія ініцыятывы павінны рэалізавацца не столькі “для іх”, колькі “разам з імі””. “Можна сказаць, што мы яшчэ толькі вучымся. Але, гледзячы назад, на той шлях, які мы ўжо прайшлі, і спрабуючы ацаніць тое, чаго ўжо змаглі дасягнуць, цяжка стрымацца ад пачуцця апраўданага задавальнення, - сказаў іерарх. - У гэтым вялікая заслуга ўсіх тых, хто розным спосабам займаецца працай з моладдзю. Дзякуючы іх намаганням, таксама і сёння столькі маладых людзей знаходзяць у веры сэнс свайго жыцця”. За гэтыя намаганні выступоўца скіраваў ім “словы шчырай і глыбокай удзячнасці”.
Анастасія Грышан
|