Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне асвяцілі «Паклонны Крыж» на месцы ўзарванай Фары Вітаўта
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.06.2014 10:39

7 чэрвеня ў скверы на Савецкай плошчы ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне памятнaгa знакa «Паклонны Крыж» на месцы знакамітай Фары Вітаўтa, якая была ўзарвана 29 лістапада 1961 года. Урачыстасць была прымеркаванa да Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які праходзіць у Гродне.

Памятны знак асвяцiлі і звярнуліся да прысутных са словам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Беларуская Праваслаўная Царква).

У скверы, дзе стаяла святыня, сабраліся шматлікія гарадзенцы. Многія з тых, хто прыйшоў сюды, людзі старэйшага пакалення былі яго парафіянамі, яны памятаюць знешні воблік і ноч разбурэння святыні. Таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі ўладаў і госці Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
 
У сваёй прамове біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў: «Вельмі спадзяемся, што праз сённяшняе асвячэнне помніка-знака гэтае месца для ўсіх нас будзе не толькі месцам успаміну, але і напаміну пра ўшанаванне кожнага храма. Напаміну пра ўзаемную пашану вернікаў розных веравызнанняў і розных рэлігій».

Поўны тэкст прамовы>>>

Сквер на плошчы Савецкай мае багатую гісторыю. Тут на скрыжаванні дарог узвышалася святыня, якая ў розныя часы называлася па-рознаму: фара Вітаўта, Сафійскі сабор, Гарнізонны касцёл. Нязменным застаецца тое, што на працягу стагоддзяў гэтая святыня была галоўнай на Нёмане і сёлета магла б адзначыць 625-годдзе.



Памятны знак створаны для таго, каб нагадваць тым, хто будзе праходзіць і праязджаць побач, пра жаданне жыць па законах дабра, любові да бліжняга, пра неабходнасць маральнага ачышчэння. «Паклонны Крыж» стане сімвалам ўзаемаразумення і даверу, агульных інтарэсаў і каштоўнасцяў.

Пасля асвячэння загучалі званы каталіцкіх і праваслаўных святыняў у цэнтры горада.

Памятны знак,  ці як яго называюць «Поклонны крыж» уяўляе сабой скульптурную кампазіцыю ў выглядзе паўзруйнаванай аркі з памятным надпісам. Аўтарамі працы з'яўляюцца гарадзенцы – скульптар  Сяргей Більдзюк і архітэктар Аляксандр Захарчук.

Фара Вітаўта была ўзарвана 29 лістапада 1961 года. Гэта была самая вялікая  каталіцкая святыня Гродна. Яна была пабудавана па загадзе князя Вітаўта ў 1389 годзе спачатку з дрэва. Пры Стэфане Баторыі, у ХVI стагоддзі, святыня стала каменнай. За свою гісторыю касцёл не раз гарэў. Пасля пажара 1889 года святыню ўзнавілі як праваслаўны Свята-Сафійскі сабор. У 1918 годзе яго зноў вярнулі католікам, і святыня дзейнічала як гарнізонны касцёл. Перад знішчэннем будынак выкарыстоўваўся як склад.

Кс. Юрый Марціновіч, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.