Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чатыры навучэнцы семінарыі ў Гродне атрымалі духоўную вопратку падчас Імшы ў гродзенскай катэдры
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.10.2014 16:17

4 кастрычніка ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша, падчас якой чатыры навучэнцы трэцяга курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі духоўны строй – сутану. Гэтай Імшой распачаўся новы 2014/2015 навучальны год у гродзенскай семінарыі і на катэхетычных курсах пры аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай Курыі.

Сёлета новы навучальны год у гродзенскай семінарыі з’яўляецца асаблівым, бо гэтая ўстанова ўжо ў 25-ы раз прымае ў шэрагі сваіх навучэнцаў маладых людзей, якія жадаюць пасля праходжання духоўнай, чалавечай і інтэлектуальнай фармацыі прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля Хрыста. У 25-ы раз пачынаецца навучальны год таксама на катэхетычных курсах, больш за 20 гадоў імі кіруе а. Андрэй Шчупал CSsR.

Быць вернай і паслухмянай прыладай Бога

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй прынялі ўдзел дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які на працягу некалькіх гадоў быў рэктарам семінарыі ў Гродне, выкладчыкі семінарыі на чале з яе рэктарам кс. Раманам Рачко, семінарысты. Першакурснікаў, якія распачынаюць фармацыю, і трэцякурснікаў, якія ў гэты дзень атрымлівалі духоўную вопратку, падтрымалі сваёй прысутнасцю іх бацькі, родныя, сябры і знаёмыя.


Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі ўзгадаў пра асобу св. Францішка Асізскага, успамін якога Касцёл адзначае ў гэты дзень. Кажучы пра гэтага святога, які ўсяго сябе аддаў абвяшчэнню Евангелля – не толькі словам, але найперш прыкладам уласнага жыцця, - іерарх адзначыў, што св. Францішак і яго духоўнасць аказалі вялікі ўплыў на хрысціянства. „Францішканская духоўнасць паспрыяла адраджэнню ўсяго Касцёла, аднаўленню ў ім духу першапачатковай святасці і запалу”, - сказаў гродзенскі ардынарый.

Іерарх заахвоціў сабраных поўнасцю прысвяціць сябе Богу. “Калі чалавек поўнасцю прысвеціць сябе Пану, стане Яго вернай і паслухмянай прыладай, то зведае Яго моц як у сваім жыцці, так і ў справах, якія здзяйсняе. Такое з’яднанне з Богам, якое робіць чалавека здольным жыць Евангеллем кожны дзень, з’яўляецца найперш ласкай, аб якой трэба маліцца”, - дадаў біскуп.

Вызнаваць веру і спаўняць місію

Сёлета навучэнцы трэцяга курса ўпершыню апранулі духоўны строй ва ўспамін св. Францішка Асізскага, калі ў літургічным чытанні гучалі словы Евангелля аб патрэбе прастаты ў веры. Абрад асвячэння сутан і апрананне іх семінарыстамі – гэта чарговы крок на шляху семінарыйнай фармацыі. Гэты крок бачным спосабам набліжае семінарыста да Хрыстовага святарства.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі адзначыў, што нашэнне духоўнай вопраткі – своеасаблівае вызнанне веры і місія, а таксама нагадванне пра Божую любоў. “Бо Езус Хрыстус з любові ўстанавіў сакрамэнт святарства, з любові кліча і пасылае ў свет тых, хто абвяшчае Божае слова і цэлебруе святыя сакрамэнты”, - сказаў іерарх.


Звяртаючыся да навучэнцаў трэцяга курса, біскуп заклікаў іх: “Няхай не толькі гэты знешні знак, але ўсё ваша жыццё, паводзіны, жэсты і мова сведчаць аб тым, што вы – будучыя святары, што ўжо цяпер вы сур’ёзна і адказна рыхтуецеся да служэння Касцёлу і Божаму народу ў Хрыстовым святарстве”.

На заканчэнне Эўхарыстыі трэцякурснікі выказалі падзяку Богу за ласку апрануць духоўны строй, а ўсім тым, хто паспрыяў іх фармацыі і падрыхтоўцы гэтай урачыстай падзеі, паабяцалі сваю ўдзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.

Сутана – штодзённая вопратка святара, якая дапамагае адрозніваць яго сярод іншых людзей. Яна выяўляе таксама імкненне следаваць за Хрыстом, які прагне мець святых, адданых Касцёлу, працавітых і сумленных святароў, - застаецца пажадаць, каб такіх святароў і мела наша зямля.

Кс. Юрый Марціновіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.