Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў 25-ы раз адкрыўся навучальны год
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.10.2014 18:02

4 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года. Сёлета гэтая ўстанова ўжо ў 25-ы раз прыняла маладых людзей, якія пасля праходжання семінарыйнай фармацыі жадаюць прысвяціць жыццё абвяшчэнню Хрыстовага Евангелля.

Духоўная семінарыя ўчора

Духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Размясцілася яна ў мурах былога кляштара айцоў бэрнардынаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа. Заступнікамі семінарыі абраны Найсвяцейшая Панна Марыя Беззаганна Зачатая, святы Міхал Арханёл і святы Юда Тадэвуш, Апостал. Будынак быў адаптаваны ў 1991 годзе дзякуючы намаганням біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, падтрымцы вернікаў Касцёла Беларусі і замежных ахвярадаўцаў, а таксама самаадданай працы навучэнцаў.

У прыгожым па архітэктуры памяшканні размясцілася семінарыйная капліца. Паддашша кляштара прыстасавана пад жыллё для навучэнцаў. Была пабудавана таксама сталовая. У 1997 годзе адкрылася семінарыйная бібліятэка, якая забяспечвае навучэнцаў і выкладчыкаў неабходнымі навуковымі матэрыяламі, на сёння яе кнігазбор налічвае больш за 35 тыс. тамоў і 80 найменняў часопісаў. Доступ да бібліятэкі маюць не толькі семінарысты, але і жыхары Гродна.

За гады існавання гродзенская семінарыя падрыхтавала больш за 150 святароў, якія вядуць душпастырскую дзейнасць у Беларусі, Украіне, Расіі і Казахстане.

 


Духоўная семінарыя сёння

На сённяшні дзень у гродзенскай Alma Mater 33 навучэнцы, якія праз духоўную, інтэлектуальную і чалавечую фармацыю рыхтуюцца стаць святарамі. На першы курс сёлета залічана 6 чалавек, у дзень інаўгурацыі навучальнага года яны атрымалі заліковыя кніжкі.

У новым навучальным годзе колькасць выкладчыкаў семінарыі павялічылася на два чалавекі: гэта кс. Віктар Мыслюк, які будзе выкладаць катэхетыку, і кс. Валерый Аброшка, які з’яўляецца пракуратарам (адказным за гаспадарчыя справы) семінарыі і будзе выкладаць каталіцкую грамадскую навуку. Усяго ў семінарыі зараз 32 выкладчыкі.

Рэктарам семінарыі пасля дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, які кіраваў ёй некалькі гадоў, стаў яе выпускнік кс. Раман Рачко, які прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 2003 г. У канцы верасня гг. святар абараніў у Каталіцкім універсітэце Любліна (Польшча) доктарскую дысертацыю.


На ўрачыстую інаўгурацыю прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і выхавацелі, духавенства і сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, а таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Ян Саламон і віцэ-рэктар кс. Уладзімір Русак.

Убачыць у святары alter Christus – другога Хрыста

У сваім слове біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што сучаснаму свету патрэбны сапраўдныя святары, “захопленыя Хрыстом, цалкам прысвечаныя справе евангелізацыі”. “Вернаму люду патрэбны святар як праваднік на шляху збаўлення, а гэта будзе магчыма толькі тады, калі пастава святара, яго словы і ўчынкі дазволяць убачыць у ім alter Christus – другога Хрыста”, - адзначыў іерарх.


Па словах гродзенскага ардынарыя, “семінарыйная фармацыя ва ўсіх сваіх вымярэннях і на кожным этапе павінна дапамагаць кандыдатам да святарства адкрываць збаўчую любоў Езуса, дапамагаць зведваць радасць быцця Яго вучнем, распазнаваць ва ўласным жыцці Яго прысутнасць і любоў”. Звяртаючыся да семінарыстаў, біскуп заклікаў іх: “Не забывайцеся, што кожная фармацыя, а значыць і святарская, з’яўляецца па сваёй сутнасці самавыхаваннем - свядомым і дабравольным супрацоўніцтвам з выхавацелямі ў духу згоды, шчырасці і паслухмянасці. Будзьце адкрытыя на ўсё, што добра, што служыць вашай чалавечнасці і будучай святарскай паслузе.  Няхай усведамленне велічы “дару і таямніцы”, якім з’яўляецца удзел у Хрыстовым святарстве, матывуе кожнага з вас да стараннага навучання і шчырай малітвы, да настойлівай працы над уласным духоўным і інтэлектуальным развіццём, каб вы ўжо цяпер заклалi трывалы, грунтоўны фундамент, на якім пабудуеце сваё будучае святарства”.

У служэнні церпячаму брату

З інаўгурацыйным дакладам на тэму “У служэнні жыццю ў паліятыўна-шпітальнай апецы” выступіў дэкан факультэта каталіцкай тэалогіі Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне кс. Міраслаў Каліноўскі. Кажучы пра неабходнасць выхоўваць у іншых чуласць да хворага, святар адзначыў, між іншым, што існуе патрэба належнай ацэнкі годнасці чалавечай асобы, свядомасці святасці жыцця і захаваня пашаны свабоды сумлення.

Акрамя таго, выступоўца звярнуў увагу на важнасць стварэння хатніх і стацыянарных шпіталяў, а таксама ўзгадаў словы св. Яна Паўла ІІ: “Мы атрымаем ад Бога тое, што даем нашаму церпячаму брату”.


Кожная семінарыя – цэнтральнае месца дыяцэзіі, і прынята казаць, што гэта сэрца дыяцэзіі. Менавіта там праз здабыццё ведаў, адпаведную фармацыю, малады чалавек рыхтуецца стаць духоўным настаўнікам іншых. Гродзенская семінарыя падрыхтавала ўжо шмат такіх настаўнікаў. Варта адзначыць, што тры новыя беларускія біскупы, якія былі прызначаны ў 2013 г., - выпускнікі гэтай навучальнай установы.

Інаўгурацыя новага навучальнага года завяршылася Імшой у гродзенскім катэдральным касцёле.
 
Кс. Юрый Марціновіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.