Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у гродзенскай катэдры Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.11.2014 15:07

9 лістапада ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння. У Гродне арцыпастыр пачынаў сваё біскупскае служэнне ў часы адраджэння Касцёла ў Беларусі.

У Імшы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Мітрапаліт нагадаў у гаміліі, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае свята асвячэння Латэранскай базылікі св. Яна ў Рыме — «маці ўсіх касцёлаў у свеце». «Цэлебруючы свята асвячэння базылікі св. Яна на Латэране, як катэдры Папы Рымскага, мы выказваем нашу еднасць з Пантыфікам і выражаем яму нашу пашану; мы таксама паказваем адзінства ўсяго Касцёла», — сказаў іерарх.

Па словах арцыпастыра, «як базыліка св. Яна на Латэране з’яўляецца катэдрай Папы, таксама і базыліка св. Францішка ў Гродне з’яўляецца катэдрай біскупа Гродзенскай дыяцэзіі», «як латэранская базыліка з’яўляецца сімвалам пераследу Касцёла і яго адраджэння, таксама і гродзенская катэдра з’яўляецца сімвалам ганенняў на Касцёл у нашай краіне і яго адраджэння».

Іерарх узгадаў, што 28 гадоў касцёл св. Францішка Ксаверыя заставаўся без пастаяннага святара, і калі вернікі прасілі ўлады аб пастаянным святары, то Упаўнаважаны па справах рэлігій Гродзенскай выбласці казаў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым у Фарным касцёле будзе пастаянны святар.

«У 1988 годзе я быў прызначаны першым пасля 28 гадоў пробашчам гэтага касцёла. Якая тады была радасць вернікаў, якія амаль тры дзесяцігоддзі клапаціліся пра касцёл і самі адпраўлялі набажэнствы, каб толькі атэістычныя ўлады яго не зачынілі», — дадаў Мітрапаліт. Іерарх узгадаў таксама, што 28 кастрычніка 1989 г. тут адбыўся яго інгрэс, такім чынам «пасля многіх дзесяцігоддзяў на нашай зямлі Касцёл больш не заставаўся сіратой, а атрымаў свайго пастыра». Хаця ў хуткім часе сённяшняму Мітрапаліту па волі Святога Айца Яна Паўла II трэба было выехаць у Расію, біскуп у Беларусі застаўся: новаму ардынарыю новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі — біскупу Аляксандру Кашкевічу — іерарх удзяліў сакру ў гэтай святыні 23 мая 1991 г.

«Гродзенская фара, якая магла падзяліць лёс збуранай атэістычным рэжымам Вітаўтавай Фары, стала катэдрай. Цяпер у ёй есць два біскупы — ардынарый і дапаможны, а таксама шмат святароў. Задумаемся над тым, якой ласкай Бог адарыў гродзенскі люд, бо яшчэ зусім нядаўна было інакш, тут не было пастаяннага святара», — заўважыў Мітрапаліт.

«Сёння з нагоды 25-годдзя біскупскага пасвячэння прыхожу ў гэтую катэдральную базыліку, каб падзякаваць Богу і Божай Маці Кангрэгацкай за чвэрць стагоддзя біскупскага служэння. Дзякую таксама і вам, дарагія вернікі і мае былыя парафіяне, за вашу малітоўную падтрымку і памяць», — сказаў арцыпастыр, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што «мы павінны быць аб’яднаныя, каб Касцёл мог выканаць сваю місію быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, а біскуп у Касцёле быў настаўнікам веры, распарадчыкам Божай ласкі і яго кіраўніком».

Поўны тэкст гаміліі>>>

«У гэтае асаблівае свята пасвячэння латэранскай базылікі, калі мы асаблівым чынам яднаемся з Папам Францішкам, прашу вас аб малітве, каб я, ваш зямляк, адэльчанін і адначасова гродзенец, і далей мог годна і плённа выконваць ускладзеныя на мае слабыя чалавечыя плечы абавязкі біскупа; каб быў тым, які заўсёды глядзіць наперад, і вёў людзей у новую, пазначаную хрысціянскімі каштоўнасцямі, будучыню; каб дзякуючы майму служэнню Езус Хрыстус быў падмуркам нашага жыцця», — з гэтай просьбай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да ўдзельнікаў Імшы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.