29 сакавіка моладзь Гродна і ваколіц, адказаўшы на запрашэнне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, прыбыла на пабернардынскі ўзгорак, каб разам перажыць Дзень моладзі. Ужо на працягу 30 гадоў, па волі святога Яна Паўла ІІ, Пальмовая нядзеля з’яўляецца Сусветным днём моладзі. Гэта нагода і запрашэнне, каб паглыбіць веру і задумацца над прыгажосцю Евангелля, каб аднавіць у сабе запал і пайсці за Хрыстом.
Пальмовaя галінкa – сімвал адраджэння Касцёла
У гэты дзень маладыя вернікі прынеслі пальмовыя галінкі – сімвал жыцця, якое адраджаецца. У Гродне ўжо шмат гадоў існуе прыгожая традыцыя: моладзь прыязджае з вялікімі пальмамі, а яе ўдзел у набажэнствах разам са сваімі душпастырамі сведчыць аб адраджэнні Касцёла на Гродзеншчыне. Пасля асвячэння пальмаў біскупам Аляксандрам Кашкевічам, на ўзор людзей, што віталі Езуса пры ўваходзе ў Ерузалем, маладыя вернікі вырушылі з пабернардынскага ўзгорка з пальмовымі галінкамі да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя. Пры ўваходзе ў Ерузалем людзі віталі Хрыста словамі: “Гасанна Сыну Давіда!” Гэтыя ж словы гродзенская моладзь спявала, ідучы вуліцамі горада і такім чынам сведчачы аб сваёй веры перад іншымі людзьмі. Ідучы вуліцамі горада з вербнымі галінкамі ў руках, удзельнікі ўрачыстасці далі сведчанне веры і радасці быць вучнямі Хрыста.
Імшу ў катэдральным касцёле ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Святыня не змагла змясціць усіх шматлікіх вернікаў, і многія стаялі звонку.
Ніколі не спыняцца ў пазнанні Хрыста
У гаміліі біскуп адзначыў: “Пан Езус, які ўязджае ў Ерузалем – гэта сапраўдны Валадар. Па праўдзе, Ён не мае нічога з улады і раскошы валадароў гэтага свету, не акружае Яго ганаровая варта, не абвяшчаюць Яго прыбыцця рымскія пасланцы. Пан Езус прыбывае ў Святы горад не на кані, як належыць зямному валадару, але пакорна едзе на восліку, як пілігрым, як веснік супакою”.
“Ахвяруючы сябе самога, Пан Езус паказвае кожнаму з нас, як моцна Бог нас любіць, як прагне нашага збаўлення, як хоча, каб мы былі шчаслівыя свабодай дзяцей Божых”, - адзначыў біскуп. Па словах іерарха, вызнаючы Хрыста Валадаром, чалавек ідзe за Ім, несучы з верай і любоўю ўласны крыж. “Мы ведаем, што жыццё сапраўднага вызнаўцы Хрыста не можа быць адарвана ад крыжа, бо дзе няма крыжа, там няма Хрыста”, - сказаў гродзенскі ардынарый.
Біскуп заахвоціў моладзь словамі Папы Францішка мець адвагу ісці супраць цячэнню і прымаць адважныя, адказныя рашэнні, каб даказаць, што яны здольныя на сапраўдную любоў – верную і адказную.
“Не спыняйцеся ў пазнанні Езуса Хрыста і Яго Евангелля, у паглыбленні веры і любові да Бога і бліжняга, у дзяленні Добрай Навіной з усімі, каго вы сустрэнеце на дарозе вашага жыцця”, - заклікаў іерарх.
Поўны тэкст гаміліі>>>
У гэтым годзе адзначаўся ўжо XXX Сусветны дзень моладзі. У якасці яго дэвізу Папа Францішак выбраў словы Езуса: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”.
Кс. Юрый Марціновіч Фота Веранікі Карповіч
|