Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша Хрызма ў Гродне: «Дзякуючы сакрамэнтальнаму святарству Касцёл жыве Эўхарыстыяй»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.04.2015 16:39

2 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якая з’яўляецца выразам еднасці і супольнасці духавенства дыяцэзіі. Імша Хрызма выяўляе адзінства ўсяго прэзбітэрыя, рассеянага па розных парафіяльных пляцоўках, які стварае адзіную святарскую сям’ю.

У гэты дзень пры алтары ў катэдральным касцёле ў Гродне сабраліся святары разам са сваім ардынарыем біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам i дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім.

Святарства – гэта дар


Агарнуць малітвай святароў прыбыло ў гэты дзень шмат вернікаў, якія дзякавалі Богу за сваіх душпастыраў, дзякуючы якім могуць карыстацца з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла. Святары былі абраны для таго, каб рабіць святарства Хрыста бачным знакам прысутнасці Бога сярод свайго народа.

Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі біскуп нагадаў пра важнасць гэтага дня, які з’яўляецца адзіным і непаўторным ва ўсім літургічным годзе. Іерарх дадаў, што ў Вялікі чацвер літургія Касцёла запрашае да асаблівай падзякі Езусу Хрысту за два сакрамэнты: Эўхарыстыю і святарства – “два скарбы Касцёла, непарыўна звязаныя”. Біскуп адзначыў, што гэтыя сакрамэнты даюць чалавеку вечнае жыццё, каб ён мог стаць паміж удзельнікамі нябеснай гасціны, а таксама што “дзякуючы сакрамэнтальнаму святарству Касцёл жыве Эўхарыстыяй і будзе жыць ёю да канца часоў”.

 

“Святарства Хрыста, у якім мы сакрамэнтальна ўдзельнічаем, не з’яўляецца ані нашай заслугай перад Богам, ані ўзнагародай, якую здабылі, ані прывілеем, на які маем права. Святарства – гэта дар, якім мы былі адораны без нашых заслуг, калі Хрыстус, адзіны і вечны Святар, сам выбраў кожнага з нас і запрасіў: “Ідзі за Мной””, - сказаў гродзенскі ардынарый.

“Будзем, аднак, памятаць, што святарства – гэта дар не толькі для пакліканага. Гэта дар найперш для народу Божага, да якога святар пасланы”, - дадаў біскуп.

Кажучы пра дзень прэзбітэрскага пасвячэння кожнага святара, які быў тады намашчаны святымі алеямі, біскуп падкрэсліў: “Гэтае намашчэнне павінна пастаянна нагадваць, што наша пасланніцтва – служыць Хрысту ў поўным прысвячэнні сябе іншаму чалавеку”.

Святарства – гэта ахвяра

“Як святары мы павінны штодзённа складаць ахвяру з саміх сябе, з нашага здароўя, часу, сіл. Мы павінны быць праваднікамі спачування, міласэрнасці, суцяшэння, якія аказвае Хрыстус свайму народу. Толькі святарства, якое разумецца менавіта так, можа быць крыніцай радасці і для самога пакліканага, і для людзей, да якіх ён пасланы”, - заўважыў іерарх.

 

Біскуп падзякаваў усім святарам, якія ўтвараюць прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне, за ахвярнае, руплівае, адданае служэнне народу Божаму, за працу абвяшчэння Божага слова і ўдзяленне сакрамэнтаў, а таксама за ўсё духоўнае дабро, якім Бог адарыў вернікаў дзякуючы святарскаму служэнню. “Дзякую вам за тое, што сваёй адказнасцю і пастырскім клопатам даеце прыгожае сведчанне любові да Хрыста і Яго Касцёла”, - сказаў ардынарый.

Біскуп падзякаваў таксама ўсім вернікам за малітву і павагу, якімі яны атачаюць сваіх святароў, і заахвоціў да далейшай малітвы за святароў і аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

У гэты дзень святары аднавілі свае святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць перад імі Хрыстус. Таксама былі пасвячаны святыя алеі (алей хворых, алей катэхуменаў і алей хрызма), якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

Напрыканцы Iмшы кс. дэкан Здзіслаў Вэдэр SDB, біскупскі вікарый Смаргонскай акругі, падзякаваў біскупам Аляксандру Кашкевічу і Юзафу Станеўскаму за іх шчыры клопат аб усіх святарах і прыклад пакоры і любові да кожнага святара і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі і павіншаваў іх ад імя гродзенскага прэзбітэрыя, пажадаўшы далей служыць Касцёлу з такім жа запалам і адданасцю Божай справе.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.