Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Вячэры Пана ў Гродне: «Езус прагне ўвайсці ў нашыя сэрцы і стацца часткаю нашага жыцця»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.04.2015 11:35

2 красавіка, у Вялікі чацвер, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу Вячэры Пана ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У літургіі ўдзельнічалi духавенства, навучэнцы семінарыі, кансэкраваныя асобы і вернікі Гродна.

На пачатку Імшы біскуп Кашкевіч заахвоціў усіх прысутных у катэдральным касцёле да падзякі за два сакрамэнты — Эўхарыстыі і святарства, якія адзін без другога не могуць існаваць. Таксама іерарх заахвочваў, каб усе пажадалі па-Божаму перажыць час Велікоднага Трыдууму, яднаючыся асаблівым чынам з Езусам Хрыстом на малітве.

Дзеці і старэйшыя вернікі катэдральнай парафіі з нагоды Дня святара павіншавалі біскупа і ўсіх прысутных святароў і пажадалі, каб святары былі Божымі маякамі для сучаснага чалавека.

Эўхарыстыя — запавет Езуса

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Аляксандр Мацкевіч, натарыус гродзенскай курыі. Святар заўважыў, што Пасхальны Трыдуум, ці апошнія тры дні Вялікага тыдня, праводзяць усіх у найглыбейшую, найважнейшую таямніцу веры. «У гэты святы час Пасхальнага Трыдууму мы становімся сведкамі таямніцы Пасхі, ці пераходу Езуса са смерці да жыцця. Гэты пераход Езуса таксама з’яўляецца і нашай пасхай», — дадаў святар.

«Калі чалавек усведамляе набліжэнне смерці, у апошніх словах жадае сказаць сваім блізкім тое, што найважнейшае, жадае застацца ў іх памяці і сэрцах, намагаецца нібыта дагаварыць у апошнюю хвіліну тое, чаго не паспеў сказаць за ўсё жыццё. Апошнія словы падобныя да запавету, якія чалавек пакідае пасля сябе», — адзначыў святар.

«Падобна і Езус, падчас Апошняй Вячэры, усведамляючы набліжэнне гадзіны адыходу з гэтага свету, пакідае нам запавет, а разам з ім цудоўны, бясцэнны дар, якім з’яўляецца Эўхарыстыя», — дадаў кс. Мацкевіч.

Эўхарыстыя — таямніца веры

Гаворачы пра пачаткі Эўхарыстыі, кс. Аляксандр Мацкевіч заўважыў, што апосталы, верныя наказам Хрыста Пана, пачалі паўтараць Яго словы і жэсты, і так нарадзілася святая Імша. «Эўхарыстыя — гэта найдаражэйшы скарб Касцёла, яго найбольшая святасць, якая трымае Касцёл і будзе трымаць аж да канца свету», — сказаў святар.

Кажучы пра таямніцу Эўхарыстыі, святар зазначыў: «У дачыненні Эўхарыстыі не застаецца нам нічога іншага, як толькі з пакорай сказаць словы, якія мы паўтараем падчас кожнай святой Імшы: «Гэта вялікая таямніца веры».

«Эўхарыстыя была нам дадзена не для таго, каб мы спрабавалі зразумець яе таямніцу. У Эўхарыстыі Пан Езус прымае постаць хлеба, каб стацца нашай ежай, каб супакоіць голад нашых сэрцаў, каб нас накарміць сабою. У Найсвяцейшым Сакрамэнце Пан Езус прагне ўвайсці ў нашыя сэрцы і стацца часткаю нашага жыцця, каб мы не стаміліся па дарозе да неба», — сказаў кс. Мацкевіч.

Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе пасля арышту знаходзіўся Езус.

У Літургіі Вялікага чацвярга усе павінны яднацца асаблівым чынам з Хрыстом, які падчас Апошняй Вячэры ўсталяваў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Таму Вялікі чацвер — гэта штогадовы дзень нараджэння Эўхарыстыі, а адначасова і дзень нараджэння святарства, якое найперш з’яўляецца служэннем, а разам з гэтым і іерархічным служэннем.

З’яўляецца служэннем, бо яго моцай святары спаўняюць у Касцёле тую паслугу, якую дадзена спаўняць толькі святарам, перад усім — паслугу Эўхарыстыі. І з’яўляецца адначасова іерархічным, бо гэта служэнне дазваляе святарам, несучы паслугу, духоўна весці супольнасці Божага люду ў еднасці з біскупамі, якія пасля апосталаў маюць уладу і пастырскі харызмат у Касцёле.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.