Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Кашкевіч у велікодную раніцу: «Уваскрасенне Хрыста асвячае нашае жыццё, надае яму сэнс»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.04.2015 08:20

Пасля сарака дзён пакуты і самакатавання, пасля болю і смутку Вялікай пятніцы, пасля цішыні і задуменнасці Вялікай суботы Касцёл урачыста спявае «Аллелюя» і ў чарговы раз абвяшчае радасную навіну, што наш Пан Езус Хрыстус сапраўды ўваскрос.

Біццё званоў, велікодныя спевы, натоўпы людзей, святочная працэсія — гэта ўсё ўрачыста сведчыць пра тое, што католікі Гродна святкуюць нядзелю Уваскрасення Пана. Гэта ўсё прыгадвае гродзенскім вернікам, якія крочылі ў гэты дзень за Уваскрослым Хрыстом, пра Яго перамогу над смерцю, пеклам і сатаной.

5 красавіка святкаванне нядзелі распачалося рэзурэкцыйнай працэсіяй, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пасля працэсіі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Уваскрасенне — дзень радасці

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі зазначыў, што ўваскрасенне Езуса Хрыста абуджае ў чалавечых сэрцах заўсёды радасць, таму прапанаваў адказаць на пытанне: чаму Уваскрасенне Хрыста абуджае гэтую радасць?

«Гісторыя Езуса не скончваецца каля магілы, а Добрая Навіна, якую абвясціў, не адносіцца да мінулага. Хоць Ён і быў без віны асуджаны на смерць і ўкрыжаваны, але пасля трох дзён уваскрос, ці прынёс перамогу над смерцю, гвалтам і нянавісцю», — адзначыў іерарх.

Уваскрасенне Хрыста, дадаў біскуп, асвячае наша жыццё, надае яму сэнс, паказвае, што яно не з’яўляецца пустым крочаннем без мэты, але прыгожым падарожжам да збаўлення і вечнай радасці. «Я — уваскрасенне і жыццё, — кажа Езус. — Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе. Кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ» (пар. Ян 11, 25-26). У святле Уваскрасення гэта абяцанне Хрыста, як ніякае іншае, набірае прыгажосці і значэння, таму што проста з’яўляецца сапраўдным. Калі Ён уваскрос, то і мы ўваскрэснем да новага жыцця», — сказаў біскуп.

Уваскрасенне перамяняе сэрца

Біскуп Кашкевіч дадаў, што ніхто з людзей не быў непасрэдным сведкам Уваскрасення Езуса Хрыста, і што, нягледзячы на гэта, Уваскрасенне трэба прыняць за бясспрэчны факт і фундамент веры, без якога не атрымаецца прайсці праз жыццё з Богам у сэрцы. «Бо Уваскрасенне павінна быць не толькі праўдай веры, якую прымаем, не толькі будучыняй, якую чакаем, але рэчаіснасцю, якая ёсць ужо, якая дзякуючы ласцы святога хросту з’яўляецца нашым удзелам», — адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

«Будзем шукаць таго, што ў вышынях. Няхай праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста дапамагае нам у штодзённым крочанні за Ім дарогамі нашай веры. Будзьма жыць радасцю Уваскрасення, абвяшчаць гэту праўду словамі і ўчынкамі, будзьма адважнымі, каб дзяліцца нашай верай з бліжнімі. Будзьма пераможцамі разам з Хрыстом, паміраючы для граху і безупынку нараджаючыся для новага жыцця. Няхай радасць Уваскрасення перамяняе нашыя сэрцы, а таксама нашыя сем’і, месцы працы і навукі», — заахвочваў біскуп Гродзенскі.

У радасны час світанку Уваскрасення Пана біскуп Аляксандр Кашкевіч запэўніў у сваёй блізкасці і малітве за ўсіх вернікаў дыяцэзіі, а асабліва за хворых, церпячых, людзей старэйшага ўзросту і ўсіх, хто, прыціснутыя крыжам штодзённасці, церпяць разам з Хрыстом.

На заканчэнне супольнага святкавання велікоднай раніцы біскуп пажадаў дыяцэзіянам, каб Уваскрослы Езус заўсёды прысутнiчаў у іх жыцці i «каб вера ў Хрыста, які ёсць з намі і жыве ў нас, стала крыніцай глыбокай унутранай радасці, моцы духу, мужнасці і трываласці ў добрым».

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.