Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Мукі Пана ў Гродне: Хрыстовае “Прагну” гучыць і сёння з вялікай моцай
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.04.2015 10:52

У Вялікую пятніцу 3 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшла літургія Мукі Пана. У гэты дзень Касцёл не цэлебруе Эўхарыстыі, вернікі адаруюць крыж Езуса з усведамленнем уласнага крыжа і гатоўнасцю падняць яго па прыкладзе Збаўцы.

Літургія Мукі Пана складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і святой Камуніі. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У літургіі ўдзельнічалі духавенства, семінарысты, кансэкраваныя асобы, шматлікія гродзенскія вернікі.

У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі засяродзіў увагу на апошніх словах, прамоўленых Езусам з крыжа: “Прагну”, “Здзейснілася”, “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой”.

Па словах святара, слова Хрыста “Прагну” гучыць і сёння з вялікай моцай. Ксёндз Раман Катлімоўскі адзначыў, што гэтае слова Хрыстус скіроўвае і да сучаснага чалавека: “Прагне здаровага сужэнства, моцнай сям’і, прагне, каб чалавек заўсёды слухаў Бога”.

Слова Езуса “Здзейснілася”, як патлумачыў святар, з’яўляецца “кульмінацыйным пунктам пачатку збаўлення і адкуплення чалавека”: “Хрыстус не прыняў пашану, якую Яму аказвалі, бо хацеў споўніць волю Айца”.

Сучасны чалавек, як дадаў святар, павінен заўсёды маліцца аб ласцы шчаслівай смерці, бо “толькі з’яднанне з воляй Айца прынясе спаўненне ў сужэнстве і рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання”.

Падчас літургіі Мукі Пана да алтара быў прынесены крыж, які знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ў Вялікую пятніцу. Біскуп Аляксандр Кашкевіч, паступова адкрываў дрэва крыжа ад фіялетавай тканіны, затым yдзельнікi літургіі мелi магчымасць ушанаваць крыж, падыйшоўшы да яго.

Літургія Мукі Пана завяршылася перанясеннем Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцу, якая называецца Божым Гробам, дзе вернікі будуць адараваць яго да пачатку пасхальнай вігіліі.

Перад літургіяй у гродзенскай катэдры прайшоў Крыжовы шлях, які па традыцыі ў Вялікую пятніцу праводзілі святары, якія служаць у катэдральным касцёлe.

Кс. Юрый Марціновіч



Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.