16 красавіка, у чарговы дзень пілігрымкі падзякі за 25 гадоў існавання
семінарыі ў Вечны горад, настаяцелі і навучэнцы Вышэйшай духоўнай
семінарыі ў Гродне пасля сустрэчы з Дзяржаўным Сакратаром Папы
кардыналам П’етро Паралінам удзельнічалі ў святой Імшы ў базыліцы св.
Пятра. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф
Станеўскі.
Таксама ў гэты дзень семінарысты наведалі будынак Ватыканскага радыё ў Рыме, дзе пазнаёміліся з гісторыяй Радыё, а асабліва з яго беларускай рэдакцыяй. Увесь наступны дзень прызначаны на наведванне Рыма.
Семінарысты бясконца ўдзячны ўсім, хто паспрыяў таму, што гэтая пілігрымка стала магчымай, асабліва гродзенскаму ардынарыю і дапаможнаму біскупу, выкладчыкам семінарыі на чале з рэктарам кс. Раманам Рачко, і ўсім людзям добрай волі.
У размове з catholic.by біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які прабывае ў Рыме з супольнасцю семінарыі, адзначыў: “Мы шчаслівыя, што Божы Провід учыніў так, што мы змаглі прыехаць у Вечны горад. Тут, пры гробе святога Пятра і святога Яна Паўла ІІ, мы хочам дзякаваць за дар паклікання і 25 гадоў існавання нашай семінарыі, якая падрыхтавала ўжо 200 святароў”.
„Думаю, што словы, скіраваныя Святым Айцом Францішкам да нашых семінарыстаў, каб з радасцю і адданасцю служылі Уваскросламу Хрысту, і словы Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала П’етро Параліна, які заахвоціў нашых навучэнцаў быць святарамі веры, поўнымі жыцця, радасці і энтузіязму, да канца жыцця будуць спадарожнічаць нашым семінарыстам і весці іх па шляхах святарства. Менавіта такія святары сёння патрэбныя: верныя і цалкам адданыя справе Божай!” – дадаў біскуп.
Гродзенскі ардынарый выказаў надзею, што пілігрымка “паспрыяе таму, каб семінарысты, як сёння яны захоплены хараством убачанага ў Рыме, так пазней кожны дзень захапляліся хараством святарскага жыцця”. 
17 красавіка семінарысты, выкладчыкi семінарыі і святары Гродзенскай дыяцэзіі пакінулі Вечны горад. Цяпер на іх шляху Асізі, дзе яны наблізяцца да жыцця св. Францішка, і шмат іншых месцаў, звязаныx з жыццём апосталаў і святых. Пілігрымка завершыцца святой Імшой у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове, дзе ў капліцы цудатворнага абраза семінарысты падзякуюць Маці Божай за апеку над іх навучальнай установай.
Кс. Юрый Марціновіч
|