Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сярэбраны юбілей святарства адзначыў кс. Ян Гавецкі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.05.2015 13:04

30 мая ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі пробашч парафіяльнай супольнасці і дэкан Іўеўскага дэканату ксёндз Ян Гавецкі дзякаваў Богу за 25 гадоў служэння ў Хрыстовым Касцёле. На юбілейных урачыстасцях сабралося шмат гасцей з Беларусі і з-за мяжы.

Іўе вядома шматкультурнасцю і жыццём у згодзе прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Таму ў гэты дзень віншаванні кс. Ян Гавецкаму гучалі таксама ад духавенства праваслаўнай і мусульманскай супольнасцяў Іўя.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і шматлікія святары.

Мітрапаліт быў запрошаны на юбілейныя ўрачыстасці невыпадкова: менавіта ён 25 гадоў таму ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Яну Гавецкаму. 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя, у той час ужо першай у Беларусі малой базыліцы, якая ў 1991 г. стала катэдрай новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі, упершыню ў Беларусі адбылася незвычайная ўрачыстасць – прэзбітэрскае пасвячэнне, якое атрымаў кс. Ян Гавецкі.

“Чым ёсць пакліканне да святарства? Гэта таямнічы голас Бога, які гучыць у сэрцы чалавека, і запрашэнне прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Гэта таксама прапанова духоўных заручын з Касцёлам. У сувязі з гэтым Папа Францішак заклікае маладых людзей рызыкнуць сваім жыццём для вялікіх і ўзнёслых ідэалаў святарства. Малады чалавек, адказваючы на заклік Бога, не ведае, куды яго Бог потым пашле, не ведае, з якімі жыццёвымі сітуацыямі трэба будзе спаткацца, але ў гэтай жыццёвай прыгодзе давярае Богу і Яго ласцы, якая праяўляецца ў сакрамэнце святарства”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі.



 

Мітрапаліт дадаў, што “да прыняцця такога рашэння кс. Яна падрыхтавала вельмі пабожная сям’я і блізкія, святары, з якімі ён спаткаўся, перадусім сведчанне іх жыцця”, немалы ўплыў меў, на думку іерарха, і “досвед служэння ў савецкім войску ў Каўнасе, калі вакол усе гаварылі і пераконвалі, што Бога няма, а ў той жа час у горадзе наперакор усім сілам зла існавала семінарыя”.

Арцыпастыр падкрэсліў таксама вялікую ролю святара: “Дзе ёсць святар, які сапраўды служыць людзям, там і развіваецца касцёльная супольнасць, парафія. Нездарма нашы дзяды і бацькі ў гады ганенняў на Касцёл так чакалі святара, бо ведалі, што з яго прысутнасцю іх рэлігійнае жыццё зменіцца, яно адродзіцца і будзе развівацца”. “Сучасны свет іграе сваю музыку і хоча, каб мы пад яе танцавалі. У нас ёсць свая музыка – гэта Евангелле, і мы павінны жыць паводле яго”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

Віншаванні ў адрас юбіляра гучалі з розных бакоў. Іх выказалі дзеці, моладзь, міністранты, прадстаўнікі розных малітоўных груп, існуючых у парафіі. Трываласці на далейшыя гады святарскага служэння пажадалі прадстаўнікі мясцовай улады і Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне. Да віншаванняў далучыліся таксама родныя кс. Яна Гавецкага, выказаўшы радасць з таго, што маюць у сваёй сям’і святара, які ахвярна служыць у Касцёле.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне ад імя Касцёла падзякаваў юбіляру за ахвярнае служэнне ў іўеўскай парафіі, дзе той працуе 19 гадоў. Іерарх падкрэсліў вялікі запал, з якім кс. Ян Гавецкі абвяшчае Божае слова, і розныя яго ініцыятывы, што набліжаюць людзей да Бога.



 

Ксёндз Ян Гавецкі вядомы як ініцыятар розных душпастырскіх акцый. Менавіта ён галоўны натхняльнік дэканальных фестываляў калядак і пастаралак, якія праходзяць штогод у мясцовым Доме культуры. Вядомы ён і як добры арганізатар, які запрашае мясцовую міліцыю сыграць у таварыскім футбольным матчы са святарамі Гродзенскай дыяцэзіі. Цяжка пералічыць усе акцыі і праекты, якія ўдалося рэалізаваць дзякуючы маладому запалу і актыўнасці гэтага святара.

На заканчэнне ўрачыстасцяў кс. Ян Гавецкі падзякаваў усім за віншаванні, малітвы і памяць. У гэты дзень юбіляр атрымаў шмат пажаданняў, кветак, цёплых словаў, падзякаў, што сведчыць аб вялікай павазе да яго з боку парафіян і астатніх людзей.

Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся ў 1962 г. у Гродне. Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і стаў святаром Вілкавішскай дыяцэзіі ў Літве y 1990. Aдзін год працаваў вікарыем у парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў г. Шакяй (Літва). Потым са згоды Вілкавішскага біскупа вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. працаваў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 г. з’яўляецца пробашчам парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.