Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святкаванні 25-годдзя служэння ў Беларусі шанштацкіх сясцёр адбыліся ў Адамавічах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.06.2015 20:50

12 чэрвеня ў Адамавічах (Гродзенская дыяцэзія) адбылася ўрачыстая Імша з нагоды юбілею 25-годдзя служэння Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі ў Беларусі. Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Божы Провід дазволіў мне стаць на шляху вашага прыбыцця на гэтыя землі», — сказаў у гаміліі Мітрапаліт, звяртаючыся да сясцёр. Іерарх узгадаў, як у 1989 г. упершыню ў якасці святара паехаў у Польшчу і там першы раз убачыў Правінцыяльны дом шанштацкіх сясцёр і сустрэўся з правінцыяльнай сястрой Мірыям.

Сястра Мірыям, па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, выказала вялікую зацікаўленасць Усходам, а будучы іерарх у той час выказаў надзею, што ў будучыні шанштацкія сёстры змогуць служыць у Беларусі. «Аднак я не меркаваў, што Божы Провід так пакіруе нашымі лёсамі, што сёстры прыбудуць у Гродна ўжо праз два гады», — дадаў Мітрапаліт.

Арцыпастыр распавёў, што пасля прыняцця біскупскага пасвячэння звярнуўся да сясцёр з просьбай, каб яны разгледзелі магчымасць служэння ў Гродне. Просьба была прынята, і сёстры прыехалі. Яны, па словах іерарха, адразу актыўна ўключыліся ў душпастырства, займаліся найперш катэхізацыяй, душпастырствам моладзі і сем’яў, арганізацыяй дабрачыннай працы, вельмі дапамаглі пры заснаванні Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, асабліва семінарыйнай капліцы.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што свой юбілей служэння ў Беларусі шанштацкія сёстры святкуюць у Год кансэкраванага жыцця, абвяшчаючы які, Папа Францішак заахвоціў кансэкраваных асобаў да абуджэння свету. «І гэта праўда. Сучасны свет патрабуе перамянення», — адзначыў арцыбіскуп, дадаўшы, што «свет знаходзіцца ў духоўным летаргічным сне», «грае сваю музыку, далёкую ад маральных норм і навучання Касцёла, і хоча, каб мы танцавалі пад яе».

Ад «духоўнай летаргіі», па словах іерарха, «трэба як найхутчэй абудзіцца, бо яна пагражае тым, што, будучы жывымі целам, мы станем мёртвымі духам». Мітрапаліт дадаў, што Папа жадае, каб кансэкраваныя асобы былі лекарамі, якія «дапамогуць вылечыць гэтую хваробу, абудзяць свет ад духоўнага летаргічнага сну і дапамогуць яму вярнуцца да хрысціянскіх каранёў».

«Дарагія сёстры! Вы бачыце прыклад любові ў Марыі, — сказаў арцыпастыр. — Алe гэта не ўсё. Дзякуючы вашаму служэнню гэты прыклад павінен стаць прысутным у свеце, каб аднавіць чалавека праз духоўныя каштоўнасці, каб ён не спаў, але чуў Божы заклік да жыцця паводле Яго закону і адказваў на яго так, як адказвала Марыя. Гэта будзе шлях да вашай асабістай дасканаласці, да абуджэння сучаснага свету з духоўнага летаргічнага сну і да выхавання новага чалавека».

Кажучы пра тое, што сярэбраны юбілей  свайго служэння ў Беларусі сёстры адзначаюць ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Мітрапаліт заўважыў: «З прабітага Сэрца Езуса праліліся кроў і вада, як знакі сакрамэнтаў. Па прыкладзе Езуса вы з любоўю прынялі служэнне любові сярод людзей, якія перажылі духоўны Чарнобыль, каб з гэтай выпаленай сонцам атэізму зямлі ўчыніць аазіс духоўнага жыцця і паказаць людзям, што дарога да Езуса ідзе праз Марыю».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.