Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафія ў Адэльску адзначыла 525-гадовы юбілей (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.06.2015 15:37

13 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску адбылася ўрачыстая Імша з нагоды яе 525-годдзя. Сваю родную парафію наведаў у гэты дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Парафія ў Адэльску была створана ў 1490 г., сённяшні касцёл пабудаваны ў 1700 г., асвечаны ў 1784 г.

Напярэдадні, 12 чэрвеня, у парафіі ў 22.00 адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Пасля ўдзельнікі Эўхарыстыі прайшлі вуліцамі Адэльска ў працэсіі з запаленымі свечкамі.

Ранішнюю суботнюю Імшу ў 10.00 цэлебраваў ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч, а галоўную Эўхарыстыю, якая распачалася апоўдні, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Таксама на ёй прысутнічаў дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт параўнаў Касцёл з лодкай, якой кіруе Хрыстус праз свайго намесніка на зямлі – Папу. “І калі мы давяраем сябе Хрысту, то можам быць упэўненымі, што Ён суцішыць буры і абароніць нас ад кожнай небяспекі”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што так было і з адэльскай парафіяй, асабліва ў часы пераследу ў ХХ ст., калі там доўгія гады не было святара, атэістычная ўлада забараняла дзецям наведваць касцёл.

"Мы дзякуем Богу за свабоду веравызнання, але д’ябал не спіць, і пера намі новыя выклікі секулярызму, мэта якіх – выдаліць з чалавечых сэрцаў веру ў Бога, - адзначыў арцыпастыр. – З гэтай мэтай ён пераконвае людзей, асабліва маладых, што няма сэнсу верыць у Бога і стаць пад крыжам”.

“Тым часам лодка Пятра плыве далей. Навальніцы і буры не знішчаюць яе, яна не тоне, бо ў гэтым нас запэўнівае сам Хрыстус”, - сказаў Мітрапаліт і дадаў, што сведчанне гэтага – гісторыя Касцёла ў Беларусі, у тым ліку і адэльскай парафіі: “часамі драматычная, яна з’яўляецца добрым доказам трываласці Касцёла”.

“Сёння мы дзякуем нашым продкам за запрашэнне і прыняцце Хрыста ў гэтай адэльскай зямлі 525 гадоў таму. Дзякуем мінулым пакаленням за трыванне ў веры, абарону яе падчас пераследу і перадачу маладым пакаленням адэльчан”, - сказаў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў, што з адэльскай зямлі выйшлі многія святары, чатыры біскупы, і цікавым з’яўляецца тое, што ўсе гэтыя біскупы працавалі на Усходзе, на тэрыторыі сучаснай Расіі, “абвяшчаючы Евангелле далёка ад роднай зямлі і тым самым ажыццявіўшы наказ Хрыста несці Добрую Навіну ўсім людзям”.
    
“Як хрысціяне мы жывем у свеце, але пакліканы да жыцця не духам свету, але духам Хрыста, - нагадаў таксама Мітрапаліт. - Гэта магчыма, калі мы супрацоўнічаем з Божай ласкай. Калі мы наследуем Хрыста, то ідзем шляхам дасканаласці”.

Наследаваць Хрыста, па словах іерарха, трэба “перадусім узорным хрысціянскім жыццём”, трэба “дазволіць словам навучаць, а справам – прамаўляць”, бо “сучасны свет, які жыве так, як быццам бы Бог наогул не існаваў, патрабуе хрысціянскага сведчання”.

Мітрапаліт пажадаў, каб адэльская парафія і далей заставалася “вернай Богу і традыцыям нашых продкаў, месцам пасвячэння Богу чалавечых сэрцаў”.

Пасля Імшы зноў адбылася працэсія вуліцамі мясцовасці, падчас якой у цэнтры Адэльска быў асвечаны васьмітонны камень, які быў адмыслова ўсталяваны да 525-годдзя парафіі. Гэты камень упрыгожаны выяваю герба Адэльска, на якім з аднаго боку — выява св. Антонія, а з другога — выява касцёла.

Таксама з нагоды ўрачыстасці быў падрыхтаваны медаль «Ганаровага грамадзяніна Адэльска», якім быў узнагароджаны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля для ўдзельнікаў свята, якіх налічвалася каля пяці тысяч, пры дапамозе мясцовых уладаў быў зладжаны канцэрт з удзелам шматлікіх творчых калектываў.

Як і на ўсіх фэстах, па даўняй традыцыі была магчымасць наведаць кірмаш, дзе апрача «фэставых пеўнікаў» можна было знайсці народныя сувеніры і іншыя беларускія вырабы.

Скончылася ўрачыстасць у Адэльску бліжэй да апоўначы пад гукі гучнага салюту.

 (AG), (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.