Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбыліся юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя семінарыі ў Гродне: Касцёлу надалей патрэбны святары па меры выклікаў часу
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.06.2015 23:10

17 чэрвеня адбыліся юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя з часу заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У гэты адметны дзень навучальную ўстанову наведалі многія шаноўныя госці, былыя выкладчыкі і выпускнікі семінарыі, якія сёння служаць у розных частках Беларусі.

Сярод гасцей быў і заснавальнік семінарыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які 25 гадоў таму, правільна прачытаўшы знакі часу, сабраў адпаведных людзей і сваім дэкрэтам паклікаў да існавання Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Гэтая навучальная ўстанова з’явілася тады, калі яшчэ не існавала Гродзенская дыяцэзія.

Гонар семінарыі


За 25 гадоў існавання семінарыі ў Гродне з’явілася шмат прычын для радасці. Найперш гэта больш за 200 святароў, якія сёння нясуць служэнне ў краіне і далёка за яе межамі.


Навучальная ўстанова можа ганарыцца тым, што з яе выйшлі трое біскупаў, якія служаць у Беларусі: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Усіх удзельнікаў юбілейных урачыстасцяў прывітаў рэктар семінарыі кс. Раман Рачко, які адзначыў, што Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне адыгрывае важную ролю ў Касцёле, бо рыхтуе да служэння новых працаўнікоў вінаградніку Пана. Cправаздачy з дзейнасці навучальнай установы на працягу 25 гадоў прадставіў прэфект семінарыі кс. Віталій Сідорка, нагадаўшы ў ёй гісторыю заснавання семінарыі і падрыхтоўкі ў ёй маладых людзей да святарскага служэння. Прэфект узгадаў таксама тых, якія стаялі ля пачаткаў семінарыі і ўклалі шмат працы ў яе заснаванне.

Адданыя выкладчыкі семінарыі


Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у сваім слове падзякаваў за працу і адданасць многіх руплівых святароў, дзякуючы якім стала магчымым пакліканне да існавання гэтай навучальнай установы і яе развіццё. Іерарх адзначыў, што гэта асаблівае месца, бо яно фармуе і “нараджае” новых пастыраў Касцёла, якіх чакае сучасны свет.


Біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў словы асаблівай удзячнасці арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які на самым пачатку надаў форму гэтай навучальнай установе, паклікаўшы яе да існавання. Таксама гродзенскі ардынарый падзякаваў усім святарам, якія на працягу 25 гадоў фармавалі будучае духавенства.

Асаблівым чынам біскуп падзякаваў двум святарам, якія ўтваралі семінарыю ў Гродне ад самага пачатку яе існавання: кс. прэлату Ежы Мар’яну Лявінскаму i а. Андрэю Шчупалу CSsR. Іерарх выказаў ім падзяку за служэнне і сведчанне святарскай паставы і ўручыў папскую адзнаку – крыж заслугі “Pro Ecclesia et Pontifice” ад Святога Айца Францішка. Такім чынам біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў вялікі ўклад гэтых святароў у жыццё Гродзенскай дыяцэзіі.

Кульмінацыйным пунктам святкавання стала ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у касцёле Узвышэння Святога Крыжа (пабернардынскі). Імшу канцэлебравалі біскупы Аляксандр Кашкевіч, Алег Буткевіч, Юрый Касабуцкі, Юзаф Станеўскі і шматлікія святары з усёй Беларусі і з-за мяжы.

Семінарыя – сэрца дыяцэзіі

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: “Калі святы Ян Павел ІІ у 1989 г. адрадзіў іерархію Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прызначыўшы мяне біскупам, то адразу нарадзілася думка аб заснаванні сваёй семінарыі, каб кандыдаты да святарства маглі атрымліваць фармацыю на месцы, сярод свайго народа, з якога выйшлі і якому пакліканы служыц. Каб былі ўкаранёны ў сваёй культуры і традыцыях. Каб, ведаючы патрэбы людзей, верна ім служылі”.


“Семінарыя – сэрца мясцовага Касцёла, таму яе роля неацэнная, - заўважыў арцыпастыр. – Касцёл, як жывы арганізм, з’яўляючыся Містычным Целам Хрыста, для свайго натуральнага функцыянавання мае патрэбу ў адпаведным пасілку, Божай ласцы, а яна прыходзіць да чалавека толькі праз служэнне святара. Таму, адкрываючы семінарыю ў далёкім ужо 1990 годзе (…) я сказаў, што яе задача – рыхтаваць новых святароў, якія будуць спаўняць функцыю сваёй крыві ў Касцёле ў Беларусі”.

Мітрапаліт дадаў, што семінарыя ў Гродне “вытрывала выпрабаванне часам не толькі як установа навучальная і выхаваўчая, але яшчэ і як сведчанне Евангелля для тых, якія перанеслі цяжкія часы пераследу, і для тых, якія сёння змагаюцца з выклікамі часу”.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што сёння “Касцёлу ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, патрэбны святыя, руплівыя, мудрыя і адданыя служэнню Богу і Касцёлу святары”, і пажадаў, каб семінарыя ў Гродне надалей давала Касцёлу такіх святароў, “праз служэнне якіх справа збаўлення стане ўдзелам як мага большай колькасці людзей”.

Святкаванні завяршыліся асвячэннем і адкрыццём памятнай дошкі, якая будзе нагадваць аб гэтай юбілейнай урачыстасці. Кожны ўдзельнік атрымаў памятны альбом, у якім прадстаўлена гісторыя заснавання семінарыі.


Духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Яна размясцілася ў мурах былога кляштара айцоў бернардынаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа. Заступнікамі семінарыі былі абраны Найсвяцейшая Панна Марыя Беззаганна Зачатая, святы Міхал Арханёл і святы Юда Тадэвуш, апостал.

За гады існавання семінарыя падрыхтавала больш за 200 святароў, якія вядуць душпастырскую дзейнасць у Беларусі, Украіне, Расіі і Казахстане. Навучэнцы семінарыі атрымліваюць усебаковую фармацыю: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і душпастырскую.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.