Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святары Гродзенскай дыяцэзіі ўганараваны папскім крыжам «Pro Ecclesia et Pontifice»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.06.2015 15:05

Два святары, які шмат гадоў служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, адзначаны папскім крыжам заслугі «Pro Ecclesia et Pontifice» ад Святога Айца Францішка. Папскія ўзнагароды былі ўручаны па просьбе біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча падчас урачыстасцяў 25-годдзя заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. прэлату Ежы Мар’яну Лявінскаму i а. Андрэю Шчупалу CSsR.

Абодва святары ад самага пачатку існавання семінарыі ў Гродне з’яўляюцца яе выкладчыкамі. Яны прыклалі вялікія намаганні ў справе фармавання шматлікіх святароў, якія служаць у Беларусі і далёка за яе межамі. Аб іх заслугах узгадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч падчас уручэння ўзнагародаў, адзначыўшы, што гэтыя святары – “стаўпы” семінарыі, з вялікім запалам прысвячалі сябе семінарыі і ўсёй дыяцэзіі і працягваюць рабіць гэта.


Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі сёлета адзначаў 60-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння. Падчас урачыстасцяў 25-годдзя семінарыі, дзякуючы за вялікую ўзнагароду, святар прасіў таксама аб малітве, каб мог далей служыць Касцёлу і даваць добрае сведчанне для будучых і маладых святароў. Ксёндз прэлат з самага пачатку існавання семінарыі прабывае ў ёй, штодзень служачы ўсім тым, хто ўтварае гэтую навучальную ўстанову, сваёй парадай, добрым словам і жыццёвай мудрасцю.


Айцец Андрэй Шчупал CSsR служыць у Гродзенскай дыяцэзіі ўжо больш за 26 гадоў. З пачатку існавання семінарыі (1990 г.) да сённяшняга дня святар з’яўляецца ў ёй выкладчыкам маральнай тэалогіі і тэалогіі духоўнасці, а таксама рыхтуе шосты курс да паслугі спаведніка. 6 гадоў быў таксама духоўным айцом семінарыі. Выконвае і функцыю спаведніка семінарыстаў. Арганізоўваў разнастайныя навуковыя сімпозіумы. Айцец Андрэй Шчупал – місіянер і рэкалекцыяніст, якога паўсюдна ведаюць і цэняць.


Пасля ўручэння ўзнагароды айцец Андрэй Шчупал звярнуўся да ўсіх сабраных на юбілейных урачыстасцях і, кажучы пра сваё служэнне ў семінарыі, адзначыў: “Служэнне выкладчыка не было для мяне ніколі абцяжарваючым, нягледзячы на многія іншыя абавязкі, бо чыніў гэта заўсёды з вялкай любоўю да Езуса і дзяліўся гэтым з семінарыстамі. Ужо само разважанне над неспасцігальнымі таямніцамі духоўнага жыцця было для мяне вялікай узнагародай. Я нястомна дзякую Богу за дар святарства і законнага жыцця ў супольнасці рэдэмптарыстаў”.

Уручаныя папскія адзнакі – доказ прызнання за руплівую апостальскую працу ў Беларусі. Такім чынам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч хацеў ацаніць вялікі ўклад гэтых святароў у жыццё дыяцэзіі.

Кс. Юрый Марціновіч

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.