Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25-годдзе аднаўлення набажэнстваў у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адзначылі ў Гродне (+ фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.06.2015 17:11

20 чэрвеня ў Гродне прайшлі святкаванні 25-годдзя аднаўлення і адраджэння рэлігійнага жыцця пры рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскі).

Праграма святкаванняў пачалася ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым вернікі і духавенства ў эўхарыстычнай працэсіі перайшлі ў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.

Пасля ўрачыстага спеву “Цябе, Бога, праслаўляем” да прысутных звярнуўся гісторык Уладзімір Ляўшук, прачытаўшы даклад, у якім падрабязна распавёў пра гісторыю пабрыгідскага касцёла.

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Эўхарыстыі прыняў удзел таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт нагадаў пра тыя часы, калі ў канцы 1980-х гадоў улада паволi пачала перадаваць Касцёлу канфіскаваныя раней святынi, і прыйшла чарга таксама пабрыгiдскага касцёла ў Гродне. “Увесь горад радаваўся, бо гэта быў знак таго, што прыходзяць новыя часы. Не забудуся, як радаваўся кс. інфулат Мiхал Арановiч – гродзенскi патрыярх, як мы яго называлі, i мужны ахоўнiк веры падчас ганенняў на Касцёл”, - дадаў іерарх.

У той час, узгадаў арцыпастыр, свята вяртання касцёла “закранула ўсiх да таго, што нават прадстаўнiкi ўлады выказавалi сваё задавальненне”. “Парадак падчас працэсii з пабернардынскага касцёла да пабрыгiдскага, удзел у якой прымала вялiкая колькасць вернiкаў, забяспечвала мiлiцыя. Пасля набажэнства я падыйшоў да палкоўніка мiлiцыi, якi знаходзiўся побач з касцёлам, i падзякаваў яму за дапамогу ў забеспячэннi парадку. Ён мне адказаў, што неабходна, каб такiх падзей было як мага больш”, - распавёў Мітрапаліт.


Пазней касцёл быў адрэстаўраваны і служыць сёстрам назарэтанкам і вернікам Гродна як рэктаральны. У ім, нагадаў Мітрапаліт, адбываюцца набажэнствы для літоўска- і англамоўных вернікаў; дыяцэзіяльныя сустрэчы законніц; дні духоўнага засяроджання для моладзі і г.д.

“Маючы на ўвазе тое, што касцёл належыць супольнасці сясцёр назарэтанак, яго сучасная гісторыя вельмі добра адказвае на пытанне: “Што добрага можа быць з Назарэту?” Аганьбаваны і зруйнаваны, ён ізноў прыцягвае людзей прыгажосцю сваёй архітэктуры і з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам”, - адзначыў арцыбіскуп.

Вымоўным іерарх назваў і тытул касцёла: Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, які нагадвае той момант, калі Арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Яна выбрана Богам быць Маці Збаўцы. “Важна тое, што рэалізацыю свайго плану збаўлення чалавека з грахоўнай няволі Бог даверыў у рукі жанчыны па імені Марыя, і Яна Яго не падвяла”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

Па словах іерарха, “Звеставанне не завяршылася толькі той адзінай падзеяй, якая мела месца ў Назарэце 2000 гадоў таму”: “Бог і сёння праз Касцёл, паасобных людзей і падзеі, якія адбываюцца вакол нас, прамаўляе да нас і абвяшчае сваю волю”. “Сучасны свет патрабуе новага Звеставання, дзякуючы якому Божая воля і Яго слова будуць данесены да людзей, якія не яшчэ не пазналі Бога, страцілі веру або сумняюцца ў ёй. Патрабуе ён і нашага адказу па прыкладзе Марыі”, - падкрэсліў Мітрапаліт.

“Гродзенскі Касцёл, як і ўвесь Касцёл у Беларусі, сёння дзякуе Богу за 25 гадоў аднаўлення набажэнстваў у пабрыгідскім касцёле. Гэта вялікі дар і адначасова вялікае заданне, нават выклік. У ім, як у сучасным назарэтанскім доміку, Бог абвяшчае нам сваю волю. Адкажам на яе так, як адказала Марыя, а Езус сваёю ласкай народзіцца ў нашых душах”, - заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзельнікаў урачыстасцяў.


(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.