Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З Гродна ў Тракелі вырушылi пешыя пілігрымы: каб вучыцца, як споўніць Божую волю
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.07.2015 15:11

6 ліпеня з Гродна ў санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях вырушыла XVII пешая пілігрымка, якая сёлета праходзіць пад дэвізам "У дарозе навяртання да Марыі". У ёй удзельнічаюць каля 200 чалавек з Гродна і ваколіц. Духоўную апеку над пілігрымамі здзяйсняюць святары, семінарысты i сёстры законныя.

З самага ранку ў цэнтры горада сабралося шмат людзей. Пілігрымы з розных бакоў Гродна і ваколіц прыбывалі, каб выканаць усе неабходныя фармальнасці, а таксама пакінуць свае рэчы, якія ў гэты дзень не будуць патрэбныя. Сярод людзей адчувалася радасць, бо многія ўжо не ўпершыню вырушваюць у шлях да Маці Божай. Большасць пілігрымаў ведае адзін аднаго здаўна і вельмі чакае таго дня, каб сустрэцца са знаёмымі і разам вырушыць у дарогу.

Пілігрымка пачалася Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх даручыў удзельнікам шмат інтэнцый, між іншым – асабліва маліцца аб новых і шматлікіх пакліканнях у дыяцэзіі да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама маліцца за ўсе сем’і, каб у кожнай было месца для Бога.


У Імшы ўдзельнічалі і тыя, хто па розных прычынах не змог вырушыць у пілігрымку і прыбыў, каб разам маліцца і каб развітацца з пілігрымамі. Многія з тых, хто не змог прыняць удзел у гэтым шляху да Маці Божай, перадалі пілігрымам свае інтэнцыі.

Гамілію прамовіў кс. Валерый Быкоўскі, які нагадаў удзельнікам пілігрымкі, што найперш гэта ахвяра, якую трэба панесці ў канкрэтнай інтэнцыі. “Распачынаючы гэтую пілігрымку, кожны ўдзельнік будзе мець час і на малітву, і на ахвяру. Гэтай ахвярай могуць быць нейкія нязручнасці, цяжкасці падчас дарогі, але ахвяруйце гэта ўсё ў канкрэтнай інтэнцыі, давяраючыся Божай Маці, якая захоча вас выслухаць”, - сказаў святар.

“Вучыцеся ў гэтым шляху ад Панны Марыі, як споўніць Божую волю, як быць заўсёды паслухмяным Езусу Хрысту і ахвяраваць сваё жыццё Яму, каб падчас пілігрымкі маглі зразумець, да чаго нас кліча Бог”, - дадаў святар.

Вернікаў праводзіў у шлях біскуп Аляксандр Кашкевіч, які частку дарогі ішоў наперадзе пілігрымкі. Па горадзе разносіліся радасныя песні, якія спявала моладзь і якія, напэўна, былі таксама заахвочваннем для тых, хто яшчэ не рашыўся вырушыць у пілігрымку, баіцца кіламетраў, гарачага сонца ці дажджу.


Да групы пілігрымаў яшчэ можна далучыцца, бо, як адзначыў у канцы Імшы кіраўнік пілігрымкі Гродна-Тракелі кс. Павел Салабуда, “асфальту хопіць для ўсіх”.

Перад вернікамі пяць дзён шляху і каля 150 км. Траса пілігрымкі — Гродна – Азёры – Астрына – Забалаць – Пагародна – Тракелі.

Праграма ўрачыстасцяў у Тракелях>>>

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.