Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Да Каралевы сем’яў у Тракелях крочыць Іўеўскі дэканат
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.07.2015 16:00

У санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелі на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці пілігрымуюць вернікі Іўеўскага дэканата. Ужо 17-я па ліку пілігрымка аб'ядноўвае вернікаў з розных парафій дэканата. Удзел у ёй прымаюць найперш дзеці і моладзь, якія дзякуюць за інстытут сям’і, асабліва за сваіх бацькоў.

Пешая пілігрымка Іўе-Тракелі спецыфічная, бо на самой справе да Тракеляў шлях невялікі і яго можна было б прайсці за адзін дзень. Аднак мэта пілігрымкі іншая. Маршрут праходзіць праз амаль усе касцёлы і капліцы дэканата, збіраючы пілігрымаў з кожнай парафіяльнай супольнасці, дзе ўсе становяцца адным.

Па дарозе пілігрымы ўдзельнічаюць у канферэнцыях, Імшах, дзеляцца сведчаннем свайго жыцця, наведваюць вёскі, мясцовасці, дзе таксама дзеляцца сведчаннем, даючы добры прыклад, але найперш нясуць радасць - аснову кожнай пілігрымкі. Бо без радасці не будзе аніякай атмасферы, без радасці ніхто не адолее аніводнага кіламетра, радасць дазваляе чалавеку ісці наперад, ісці з адвагай… Пілігрымы праз свой шлях дзеляцца радасцю з усімі, каго сустрэнуць па дарозе.

Кожны пілігрым адчуе радасць ужо ў хуткім часе, а менавіта ў момант позірку ў вочы Найсвяцейшай Маці, якая ўжо шмат гадоў таму абрала сабе трон у Тракелях. Там яны прагнуць адчуць блізкасць Бога, супакой, любоў, радасць, задавальненне і сэнс жыцця. Менавіта ў Маці яны прагнуць вучыцца прымаць Божую волю з радасцю і з перамененым сэрцам вярнуцца да штодзённых абавязкаў. І нават калі ў жыцці здараюцца розныя цяжкасці і праблемы, з Божай дапамогай пераадолець усё гэта і глядзець на гэта вачыма веры.

Пілігрымы вельмі ўдзячныя кс. Яну Гавецкаму – пробашчу парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі – за арганізацыю гэтай пілігрымкі, якую святар вядзе з самага пачатку i кожны год, ідучы першым, дае прыклад моладзевага запалу.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.