Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у Гудагаі: «Шкаплер — гэта не амулет ці талісман, у ім няма нічога магічнага»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.07.2015 15:48

18 ліпеня ў Гудагаі пачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Год таму парафіяльны касцёл, дзе захоўваецца вядомы ласкамі абраз Маці Божай, адзначаў 250-годдзе асвячэння i рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча быў абвешчаны дыяцэзіяльным санктуарыем.

Браты Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (кармэліты босыя), якія з вялікім запалам нясуць служэнне ў Гудагаі, запрасілі да ўдзелу ва ўрачыстасцях шмат гасцей, якія прыбылі з розных куткоў Беларусі.


Вечарам першага дня святкавання вернікі ўдзельнічалі ў Крыжовым шляху на Кальварыі. Нешпары ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На заканчэнне іх адбылася працэсія са свечкамі ў гонар Маці Божай вакол касцёла і могілак, а затым урачыстая Імша апоўначы.

Імша сабрала шмат вернікаў, якія прыбылі да Маці Божай Шкаплернай. У ёй удзельнічаў таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ўзначаліў Імшу, y гаміліі звярнуў увагу на тое, што гара Кармэль лічылася знакам Божага благаслаўлення, там жылі вучні прарока Іллі, а ў хрысціянскія часы там пасяліліся манахі-пустэльнікі, якія з часам далі пачатак Ордэну кармэлітаў і якія абралі сабе апякункай Маці Божую, якой сёння аддаецца пашана пад тытулам Шкаплернай.


“Падобна як буйная, разнастайная расліннасць чыніць гару Кармэль асабліва прыгожай і маляўнічай, так і ў жыцці хрысціяніна добрыя плады яго ўчынкаў надаюць прыгажосць яго душы, - дадаў біскуп. - Найважнейшым і самым вялікім з Божых загадаў з’яўляецца загад любові. Любоў да Бога і бліжняга – гэта найпрыгажэйшае адзенне для хрысціяніна”.

Іерарх нагадаў пра містычнае аб’яўленне Маці Божай у 1251 годзе генералу Ордэну кармэлітаў Сымону Штоку, калі Марыя сказала, што шкаплер, гэта значыць адзенне, якое носяць манахі, будзе знакам ратунку ў небяспецы, сімвалам запавету з Богам, а хто ў ім памрэ, пазбегне пякельнага агню. “Шкаплер – гэта не амулет ці талісман, у ім няма нічога магічнага, ён не дзейнічае аўтаматычна. Шкаплер з’яўляецца проста напамінам, што мы, хрысціяне, у сакрамэнце хросту атрымалі адзенне ласкі і былі напоўнены Божымі дарамі. Таму нашым абавязкам з’яўляецца свядома і дабравольна супрацоўнічаць з гэтай ласкай. Калі мы накладаем шкаплер, прымаем абавязак яшчэ больш верна выконваць усё тое, што звязана з нашай верай”, - патлумачыў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх падкрэсліў, што да Марыі трэба прыходзіць часта – “не толькі ў дзень адпусту, але і ў звычайныя дні, калі адчуем патрэбу спаткання з Маці”, бо “Яна нас тут чакае і, як кожная маці, не дазволіць, каб мы адышлі з пустымі рукамі”. Трэба прыходзіць сюды цэлымі сем’ямі”, - дадаў біскуп і пажадаў, каб штодзённая малітва ўсёй сям’і, нядзельная святая Імша, рэгулярная катэхізацыя былі дзяцей найлепшай школай жыцця.


“Няхай кожная сям’я вучыцца ад Марыі гаварыць заўсёды “так” Пану Богу і верна выконваць Яго волю. Няхай Маці Божая Шкаплерная ахіне плашчам сваёй апекі нашыя сем’і, а Яе матчынае заступніцтва няхай учыніць так, каб кожная сям’я ішла ў сваім жыцці дарогай сапраўднага шчасця”, - заклікаў гродзенскі ардынарый.

Пасля Імшы пачалося начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якія працягнуліся да раніцы.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.