Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10-ю гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай святкуюць у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.08.2015 12:47
За сем’і, дзяцей і моладзь, а таксама за ўсіх вернікаў Гродна і ваколіц маліўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас урачыстай святой Імшы ў 10-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. 
 
5 жніўня, у літургічны ўспамін Маці Божай Кангрэгацкай, іерарх узначаліў святую Імшу з удзелам шматлікіх жыхароў Гродна і ваколіц. У Імшы таксама прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 
 
«Марыя — дар для кожнага чалавека»
 

 
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі адзначыў, што Марыя з’яўляецца дарам для Езуса, а з Яго волі — і дарам для кожнага чалавека. «Заданне кожнага хрысціяніна — “узяць” Марыю ў сваё жыццё», — сказаў іерарх.

Гродзенскі ардынарый зазначыў, што больш за тры з паловай стагоддзі вернікі Гродна і ваколіц ушаноўваюць Маці Божую Кангрэгацкую, а ў Гродне абразом першапачаткова апекаваліся студэнты езуіцкага калегіума — члены марыйнай Кангрэгацыі, ад якіх і ўзяў сваю назву абраз Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай.

Іерарх заўважыў, што Марыя ў Кангрэгацкім абразе з’яўляецца апякункай не толькі студэнтаў: «Марыя дорыць сваю мацярынскую любоў кожнаму, хто з верай і даверам прыходзіць да Яе».
 

 

«Мы можам быць упэўненымі ў тым, што Марыя не пакіне нас адных, не адыдзе ў цяжкія хвіліны нашага жыцця, таму заўсёды ў Яе мацярынскіх абдымках мы будзем адчуваць сябе добра, бяспечна і шчасліва», — дадаў біскуп.

«Марыя, як нябесная Маці, перад усім клапоціцца пра нашае збаўленне, даючы нам сваю мацярынскую параду: ідучы жыццёвай дарогай, мы павінны слухаць Езуса і кіравацца Яго навучаннем. Тады мы не падманем сябе і зможам бяспечна і шчасліва дайсці да мэты нашай зямной пілігрымкі», — сказаў іерарх.

«Молімся сёння за ўсіх нас, за нашы сем’і, за дзяцей і моладзь, за ўсіх вернікаў Гродна і ваколіц, каб, кіруючыся прыкладам нашых продкаў, якія ўшаноўвалі Марыю ў гэтай выяве, мы ўзялі ў сваё сэрца Яе заклік і заўсёды рабілі тое, чаму нас вучыць Збаўца Езус Хрыстус».

Марыя збірае розныя пакаленні
 

 
Маці Божая Кангрэгацкая, якая больш за 350 гадоў апякуецца жыхарамі Гродна, вабіць да сябе жыхароў горада. Да Яе прыходзяць не толькі студэнты і моладзь, якім Яна дае свае мацярынскую апеку, — абраз яднае і дарослых, якія штодня збіраюцца на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Варта зазначыць, што захаваліся сведчанні шматлікіх цудаў і ласк, атрыманых праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Кангрэгацкай. Пра моц апекі Марыі сведчаць таксама шматлікія воты (воты — рэчы рэлігійнага ўжытку, а таксама статуэткі, зброя ці выявы частак цела, якія прымацоўваюцца вернікамі як ахвяраванне да абразоў святых, за дапамогай якіх звяртаецца чалавек — Рэд.), змешчаныя пры абразе. Не ўсе здзейсненыя цуды былі дакументальна зафіксаваны, не ўсе, хто атрымаў ласкі ад Маці Божай, склалі свае сведчанні або ахвяравалі свае воты…
 
Большасць цудаў і ласкаў назаўсёды застануцца таямніцай, якую ведае толькі сам Пан Бог. 
 
Кс. Юрый Марціновіч, (ils)
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.