Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне стартавала XIV пешая пілігрымка ў Рось (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.08.2015 11:33
Пешая пілігрымка «Гродна-Рось», якая сёлета праходзіць пад дэвізам «Навярніся да Бога», распачалася Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў усіх пілігрымаў прысвяціць час у дарозе Богу, каб адкрыцца такім чынам на дзеянне Божай ласкі.

Пілігрымка вырушыла з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і стала ўжо 14-й па ліку.
 
Гамілію да прысутных прамовіў кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч. Святар адзначыў, што пілігрымка ў Рось для многіх ужо паспела стаць часам духоўнага перамянення — адмысловымі рэкалекцыямі — пілігрымку чакаюць увесь год.
 
Дарога

«З навяртаннем падобна так, як са згубленымі ключом ад дома. Калі губляем, то спрабуем узгадаць, калі і пры якіх умовах, у які час мы замыкалі дзверы апошні раз. Мы прыгадваем гэтыя акалічнасці і вяртаемся, шукаючы ключ. Святая споведзь дае нам такую магчымасць — вярнуцца ў дом Пана», — сказаў святар.
 
 
Кіраўнік пілігрымкі дадаў, што, вырушаючы ў дарогу, пілігрымы распачынаюць новы этап у жыцці: «За нашымі плячыма — наш дом і нашае мінулае, мы пакідаем іх на нейкі час, бо прагнем знайсці сэнс жыцця і адказы на тыя пытанні, якія турбуюць».

Самі пілігрымы прызнаюць, што пешая пілігрымка з Гродна ў Рось, якая збірае людзей з розных куткоў Гродзеншчыны і Беларусі, належыць да найцяжэйшых — больш за 45 км праходзяць пілігрымы ў першы дзень дарогі.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў пілігрымам пастырскае благаслаўленне і папрасіў занесці да ног Езуса Журботнага ўсе справы і інтэнцыі Касцёла на Гродзеншчыне, а таксама малітву за сем’і, каб у кожнай сям’і знайшлося месца для Бога.
 
Біскуп прайшоў з пілігрымамі вуліцамі горада, пажадаўшы добрай дарогі і на час пілігрымкі і плёну ў малітоўным чуванні.

…У «галаве» пілігрымкі здалёк бачны вялікі крыж, які па прыкладзе Хрыста нясуць вернікі. Арганізатары заахвоцілі пілігрымаў, каб па магчымасці кожны ўдзельнік пешага падарожжа ў Рось хоць пару хвілін пранёс гэты крыж, адчуўшы яго цяжар.
 

 
Даведка:

Гісторыя санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі цесна звязана з аднайменнай цудатворнай фігурай Хрыста, якая знаходзіцца ў галоўным алтары святыні. Гісторыя цудаў і аздараўленняў, звязаных з гэтай фігурай, бярэ свой пачатак у выпадку, які адбыўся ў Росі 400 гадоў таму.
 
Сляпая жанчына падчас ранішняй святой Імшы паспавядалася перад фігурай, мяркуючы, што перад ёю святар, і атрымала адпушчэнне грахоў. Калі святар, які ўдзяляў жанчыне Камунію, пацікавіўся, у каго яна спавядалася, жанчына адказала: «Той спаведнік, які сядзіць у бабінцы (пярэдняя частка святыні — Рэд.), выслухаў споведзь і, калі даў мне адпушчэнне, — я пачала бачыць».

Факт споведзі пацвердзілі ўсе прысутныя на Імшы людзі, а цуды і звязаныя з гэтым ласкі з таго часу пачалі пашырацца сярод вернікаў парафіі і ваколіц.

Вераніка Карповіч, (ils)
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.