Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі падчас урачыстасцяў у Росі: «З Хрыстом усё мае сэнс»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.08.2015 12:43
8 жніўня дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі прыняў шматлікіх пілігрымаў з Гродна, Свіслачы, Шылавіч, Ваўкавыска, а таксама іншых месцаў Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі. Упершыню сёлета была арганізавана пешая пілігрымка «Масты-Рось».

На апошнім этапе падарожжа да пілігрымкі «Гродна-Рось» далучыўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 

Найбольш узрушваючым стаў момант уваходу пілігрымаў у санктуарый і хвіліна асабістай малітвы, калі кожны можа даверыць Богу свае справы. Не менш узрушваючым быў і момант, калі перад уваходам у святыню гродзенскія пілігрымы ляглі крыжам на асфальце. 

У гэтыя, здаецца, найважнейшыя хвіліны пілігрымавання ў вачах многіх можна было ўбачыць слёзы радасці. У гэтых слязах, нават у хлопцаў, заўважалася вялікае ўзрушэнне.

Пасля пройдзеных кіламетраў, пасля цяжкой дарогі і доўгага чакання сустрэчы, Езус Міласэрны з вышыні алтара глядзіць на кожнага пілігрыма, пранікаючы сваім позіркам у душу чалавека…
 

 
Вечаровую Імшу для пілігрымаў узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.

«Мы прыходзім у гэты санктуарый як да крыніцы, каб зачэрпнуць чыстай вады, каб узмацніць і адчуць нашу годнасць Божага дзіцяці», — адзначыў біскуп у гаміліі. Разважаючы над цярпеннем Езуса Хрыста, а таксама над людскім цярпеннем, іерарх дадаў: «З Хрыстом усё мае сэнс, а менавіта момант цярпення, пакуты і смерці». Паводле слоў біскупа, сэнс пакуты і людскога цярпення варта шукаць у крыжы Хрыста, які з’яўляецца «тварам неспасцігальнай любові Бога да чалавека».

Далей пілігрымы выслухалі канферэнцыю, якую да прысутных скіраваў кусташ санктуарыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч. Святар заахвоціў вернікаў адкрыцца на Божае дзеянне, каб Святы Дух знайшоў сваё месца ў іх сэрцы і кожны дзень вёў іx дарогай збаўлення. 

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і акт аддання Найсвяцейшай Панне Марыі завяршылі першы дзень урачыстасцяў у санктуарыі.
 

 
Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.