Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі на пахаванні кс. Міхала Сапаты ў Польшчы: «Ён вызначаўся вялікай адвагай і стараннасцю»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.08.2015 13:13
13 жніўня ў парафіяльным касцёле Пана Езуса Міласэрнага і св. Андрэя Апостала ў Цяжкавіцах (Польшча) прайшло набажэнства пахавання ксяндза прэлата Міхала Сапаты. У святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Тарноўскай дыяцэзіі Вяслаў Ляховіч, прыняў удзел і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 

Ксёндз Міхал Сапата быў цесна звязаны з Гродзенскай дыяцэзіяй, у якой у 1998 г. распачаў пастырскае служэнне. У перыяд з 2005 па 2011 гг. ён быў Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі. 

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў пахавальную малітву на могілках у Цяжкавіцах. Іерарх перадаў спачуванні ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, запэўніўшы ў малітве за памерлага святара. У сваім слове іерарх зазначыў, што кс. Міхал вызначаўся вялікай адвагай і стараннасцю, таму, калі выйшаў на пенсію, не хацеў быць звычайным рэзідэнтам пры якой-небудзь парафіі, але ў гэтым пажылым узросце адказаў на патрэбы Касцёла на Усходзе і паехаў у Беларусь. 

Біскуп Юзаф Станеўскі дадаў, што Касцёл на Гродзеншчыне шмат у чым удзячны прэлату з Польшчы. «Па нашай зямлі ён ступаў далікатна, з вялікім шанаваннем, але адважна, — сказаў біскуп. — Сляды яго добрых учынкаў трываюць да сёння. Яго асоба застанецца ў памяці святароў і вернікаў Касцёла на Гродзеншчыне, якому так верна і аддана служыў».


У свой час кс. Міхал Сапата такімі словамі распавядаў пра сваё прабыванне ў Беларусі:
 
«Кожны індывідуальна перажывае старасць і няма на яе, відаць, якогасьці ўніверсальнага спосабу. Мне ў гэтым дапамагае душпастырская праца. Практычна толькі 2-3 разы ў год я наведваю Польшчу, астатні час я ў Беларусі. Туга па радзіме ёсць, асабліва яна адчувальная пры набліжэнні святаў. Але прабыванне там [маецца на ўвазе Беларусь — рэд.] дае шмат задавальнення. Гэта таксама магчымасць і далей цешыцца запалам, польскасцю і верай людзей, якія жывуць у тым рэгіёне. 30 гадоў яны рэгулярна маліліся ў катэдры, не маючы святара…»

У катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 13 жніўня таксама маліліся за памерлага святара. Святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў цэлебраваў пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі.
 
Кс. Юрый Марціновіч, (ils)
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.