Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршылася кананічная візітацыя біскупа Кашкевіча на Смаргоншчыне (абноўлена)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.09.2015 14:53

У апошні дзень кананічнай візітацыі біскупа Аляксандра Кашкевіча хлебам і соллю вітала парафіяльная супольнасць на чале з адміністратарам парафіі ў Солах ксяндзом дэканам Леанардам Станкоўскім.

 

Чытай таксама:

Біскуп у Смаргоні

Пад спеў «Barka» — любімую песню Яна Паўла ІІ — у другі дзень прабывання на смаргонскай зямлі біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу парафіі Св. Яна Паўла ІІ.

Падрабязна пра гісторыю гэтай маладой парафіі распавёў на прывітанне біскупа пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Урбановіч.

17 лістапада 2012 года адбылося асвячэнне крыжа і пляцу пад будову новага касцёла. 15 ліпеня 2013 года была асвечана капліца, якую пабудавалі на працягу пяці месяцаў. 22 кастрычніка 2014 года быў асвечаны фундамент будучага касцёла. У гэтыя знамянальныя для парафіі даты прысутнічаў і біскуп Аляксандр Кашкевіч.

2 верасня падчас сваёй візітацыі біскуп разам з пробашчам і сабранымі вернікамі цешыўся, што будаўніцтва касцёла ідзе такімі хуткімі тэмпамі.


Біскуп у Вішневе

У чацвёрты дзень кананічнай візітацыі біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Святога Юды Тадэвуша ў Вішневе, у якой у галоўным алтары знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі 200-гадовы абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам на руках пэндзля Яна Кшыштафа Дамеля.

62 гады, з 1940 па 2002 год (год смерці), у парафіі працаваў кс. Юзаф Кісель. Гродзенскі ардынарый рэгулярна наведвае ўзгаданую парафію.

25 кастрычніка 2014 года іерарх удзяліў тут сакрамэнт канфірмацыі 42 юнакам і дзяўчатам, асвяціў памятную дошку з нагоды 100-й гадавіны з дня нараджэння ксяндза Юзафа Кіселя. Таксама ў гэты дзень была асвечана плябанія, у якой правёў капітальны рамонт цяперашні пробашч ксёндз Антон Казлоўскі.

Наступны раз вернікі цешыліся з супольнай малітвы з біскупам Аляксандрам 26 чэрвеня на заканчэнне парафіяльных місій. Падчас святочнай імшы іерарх удзяліў тут сакрамэнт канфірмацыі 50 чалавекам і асвяціў місійны 6-метровы крыж.

4 верасня гродзенскі ардынарый цэлебраваў святую імшу ў касцёле, а таксама пабачыўся з парафіянамі ў вёсцы Малінавая і ў капліцы ў вёсцы Выгаляненты.


Біскуп у Войставе


5 верасня біскуп Аляксандр Кашкевіч сустрэўся з вернікамі і іх пробашчам ксяндзом Леонам Ладышам у Войстаме ў касцёле Святой Тройцы. Пасля прывітання біскупа ўсе памаліліся перад двухметровай фігурай святога Яна Паўла ІІ, якая размешчана на касцёльным пляцы. Падчас Імшы ў малітве была ўшанавана Маці Божая Вастрабрамская, абраз якой знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла. У гэты ж дзень біскуп наведаў парафію Святой Тройцы ў Данюшаве, якую абслугоўвае ксёндз Леон Ладыш.

Солы


Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах вядомы фрэскамі, якія напісаў вядомы беларускі мастак Пётр Сергіевіч. Асабліва знаныя сярод іх размешчаны па баках ад галоўнага алтара: на адной намалявана абарона Яснaгорскага кляштара ў Чэнстахове ў 1655 годзе падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, на другой — «Цуд на Вісле» (1920 г.) з савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. Таму і гамілія падчас святой Імшы, якую прамовіў натарыус гродзенскай курыі ксёндз доктар Аляксандр Мацкевіч, была прысвечаны апецы Маці Божай.

Напрыканцы Імшы біскуп асвяціў школьныя прылады і благаславіў школьнікаў.

Біскуп у салезіянскай парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні


6 верасня біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў смаргонскі касцёл св. Міхала Арханёла, які вернікі часта называюць «цэнтральным» касцёлам, бо гэта першая святыня ў Смаргоні, якая ў 1990 г. вернута католікам, грунтоўна адноўлена i рэкансэкравана арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Са шчырымі словамі прывітання да біскупа звярнуўся пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, які нагадаў цікавую гісторыю касцёла да моманту, пакуль у 1990 годзе сюды не прыехалі працаваць салезіяне:

«Касцёл св. Міхала Арханёла — адзін з найстарэйшых у Смаргоншчыне. Гэты сівы мур можа паведаміць шмат цікавага са свайго векавога вельмі пакутнага шляху. Заснаваны ён быў каля 1505 г. як драўляны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. У 1552-1553 гг. драўляны касцёл быў перароблены ў збор, а каля 1612 г. быў узведзены мураваны кальвінскі збор на сродкі Мікалая Зяновіча.

У 1621 г. збор быў скасаваны і ператвораны ў Троіцкі касцёл. Існавала святыня да 1866 г. З уваходам беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі касцёл быў перададзены праваслаўным і перайменаваны ў Міхайлаўскую царкву. Аздобы касцёла былі ліквідаваны, фрэскі забелены, з’явіўся шатровы дах з макаўкай у рускім стылі. У часы І Сусветнай вайны набажэнствы ў святыні не адбываліся. У 1918 годзе святыню вярнулі католікам. Век касцёла таксама быў даволі кароткі. З прыходам савецкай ўлады ў 1947 г. святыню зачынілі на доўгія гады. У 1970 годзе пасля рэстаўрацыі касцёл быў адчынены і выкарыстоўваўся як выставачная зала».

Пасля прывітання гродзенскі ардынарый разам з салезіянамі і натарыусам гродзенскай курыі кс. Аляксандрам Мацкевічам адправіў святую Імшу на палявым алтары. Напрыканцы Імшы біскуп выказаў сваю радасць, што смаргонская парафія жыве сапраўдным сямейным духам, дзе кожны ад маленькага да старэйшага адчувае сябе яе часткай.

Развітваючыся з ардынарыем, салезіяне супрацоўнікі і самыя малодшыя вернікі парафіі запрасілі біскупа як мага часцей наведваць смаргонскую парафію.

Смаргонскі дэканат

Пра Смаргонскі дэканат пра многае можна гаварыць словамі «самы» альбо «адзін з самых».

Крэва — самая старая з існуючых парафій на тэрыторыі Беларусі, створаная ў 1387 годзе. Парафія з Жодзішак моліцца ў адным з самых старых касцёлаў у Беларусі. У 2012 годзе гэтая парафія адзначыла 400-гадовы юбілей касцёла.

Парафія Святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні — адна з самых першых у Беларусі, якая носіць імя Папы-славяніна.

У парафіі ў Вішневе знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі 200-гадовы абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам на руках пэндзля Яна Кшыштафа Дамеля. Таксама «рэкорд» па працягласці працы ў ёй усталяваў кс. Юзаф Кісель, які быў там пробашчам на працягу 62 гадоў (да смерці): з 1940 па 2002 гг.

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах, паводле сайта vandrouka.by, уваходзіць у дзясятку самых прыгожых касцёлаў у Беларусі. Дарэчы, менавіта ў Солах было падпісана пагадненне аб міры паміж Германіяй і Савецкай Расіяй.
 

Кс. Антон Казлоўскі, c. Вераніка Блізнюк FMA
Фота кс. Антона Казлоўскага і кс. Паўла Калесніка
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.