Iнаўгурацыя 26-га навучальнага года: «Bышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне павінна быць, павінна існаваць» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
11.09.2015 18:00 |
11 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 25-годдзю існавання семінарыі, і інаўгурацыя 26-га навучальнага года. У гэты адметны дзень навучальную ўстанову наведалі многія шаноўныя госці, прадстаўнікі ВНУ горада Гродна, выкладчыкі, сябры семінарыі і бацькі першакурснікаў. Урачыстасці пачаліся святой Імшой у семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у канцэлебры з дапаможным біскупам дыяцэзіі Юзафам Станеўскім і шматлікімі святарамі. У гаміліі рэктар семінарыі кс. д-р Раман Рачко распавёў пра тое, на чым засноўваецца семінарыйная фармацыя. Рэктар адзначыў, што ў семінарыі навучэнцы, якія прыходзяць, каб правільна распазнаць сваё пакліканне і належна падрыхтавацца да святарскага служэння, атрымліваюць усебаковую фармацыю: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і душпастырскую.
«Гэтае заданне нялегкае, асабліва калі сёння патрабаванні да святара вельмі высокія, і, магчыма, не раз падчас фармацыі ў семінарыі ўзнікае пытанне: як выканаць гэтае заданне, як быць добрым святаром, якога чакаюць людзі і які патрэбны Касцёлу», — дадаў кс. Раман Рачко. «Будучы святар павінен быць падрыхтаваны да абароны веры, якую мы атрымалі ў спадчыне ад нашых бацькоў і старэйшага пакалення. Сённяшні святар павінен выходзіць і шукаць згубленых, якія знаходзяцца ў пошуках веры, — падкрэсліў рэктар семінарыі. — Патрэбна сэрца, якое любіць Бога, Касцёл і бліжніх. Езус паклікаў простых людзей, якія мелі вялікае сэрца і веру — на гэта трэба асабліва звярнуць увагу падчас семінарыйнай фармацыі». «Успамінаючы тую радасць і энтузіязм, якія былі ў дзень заснавання гродзенскай семінарыі, жадаю, каб гэтая радасць на нашых тварах была выразам даверу Богу, каб тыя, хто будзе слухаць вашыя словы, хацелі пайсці за Хрыстом, — дадаў святар. — Нашай Alma Mater Grodnensis, якая дала Касцёлу больш за 200 святароў і трох біскупаў, жадаю Божага благаслаўлення, новых пакліканняў і наступных юбілеяў. І як тады, 25 год таму, хочацца паўтарыць з верай і надзеяй: Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне павінна быць, павінна існаваць». «Дзякуючы адказнаму і гуманітарнаму супрацоўніцтву ўсіх асобаў, якія ўтвараюць семінарыйную супольнасць, за чвэрць веку свайго існавання ВДС у Гродне сталася ўстановай вядомай і распазнавальнай у Беларусі і за мяжой, з уласнай гісторыяй і традыцыямі, трывала ўпісанай у касцёльную і рэлігійную рэчаіснасць Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ў акадэмічны, культурны і грамадскі пейзаж нашага горада», — сказаў іерарх. «Апрача працы душпастырскай, Касцёл ахоплівае сваім уплывам адукацыйную, культурную, дабрачынную сферу жыцця грамадства. Касцёл праводзіць мэтанакіраваную евангелічна-выхаваўчую працу з дзецьмі і моладдзю, імкнучыся прывіваць ім хрысціянскія каштоўнасці і ўмацоўваць у каталіцкай веры», — звярнуў увагу дакладчык.
Духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Яна размясцілася ў мурах былога кляштара айцоў бернардынаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа. Заступнікамі семінарыі былі абраны Найсвяцейшая Панна Марыя Беззаганна Зачатая, святы Міхал Арханёл і святы Юда Тадэвуш, апостал. Момантам паўстання семінарыі, безумоўна, можна лічыць і дзень 18 жніўня 1990 г., калі адбыліся першыя ўступныя экзамены. У гэты дзень у семінарыю паступілі 37 кандыдатаў: 15 з Гродзеншчыны, 9 з іншых куткоў Беларусі, а таксама 12 з Украіны і адзін з Грузіі. |
Фотарэпартаж |