Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
59 гадоў на службе ў Хрыстовым Касцёле адзначыў кс. прэлат Юзаф Трубовіч
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.10.2015 11:49

30 верасня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой кс. прэлат Юзаф Трубовіч дзякаваў Богу за 59 гадоў святарскага служэння. 35 гадоў святар служыць у горадзе над Нёманам, у Гродне.

Эўхарыстыю ў інтэнцыі заслужанага душпастыра Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ад імя Касцёла іерарх падзякаваў ксяндзу прэлату за адданае служэнне і прыклад святара, які «жыве не для сябе, але для іншых». Біскуп адзначыў, што гэтая прыгожая гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння з’яўляецца вялікай падзеяй для Касцёла на Гродзеншчыне. Іерарх дадаў, што за гэты перыяд шмат людзей атрымала карысць са служэння кс. прэлата Юзафа Трубовіча.

Ксёндз Юрый Марціновіч у гаміліі разважаў над тым, чым з’яўляецца пакліканне да святарства і ласка Хрыстовага святарства ў Касцёле, звярнуўшы ўвагу, што святарства — гэта найперш служэнне. «Святар становіцца пакліканым да таго, каб служыць, каб разам з іншымі дзяліць радасць і смутак», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.

Кажучы аб тым, што святарства з’яўляецца вырачэннем, кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што вернікі гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе больш за 15 гадоў служыць кс. Юзаф Трубовіч, — «духоўныя дзеці, якія носяць у сэрцы прыклад святарскага жыцця, вобраз вернасці ў пакліканні, слова, прамоўленае ў гаміліі, удзел у працы з дзецьмі, моладдзю, старэйшымі».

59-я гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння стала таксама добрай нагодай для малітвы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле. Удзельнікі літургіі маліліся аб тым, каб, як калісьці над берагамі Галілейскага возера Пан паклікаў апосталаў і першых вучняў, як затым Ён клікаў іх праз усе стагоддзі, так і сёння каб клікаў шмат маладых людзей.

Ксёндз Юзаф Трубовіч — чалавек вельмі сціплы, таму не хацеў вялікіх урачыстасцяў ці прамоваў з нагоды гэтай гадавіны. У сваім слове на заканчэнне Імшы ён падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за тое, што заўсёды атачаюць яго асобу вялікай павагай і малітвай. Таксама святар падзякаваў гродзенскаму ардынарыю, які ў гэты дзень пажадаў маліцца ў яго інтэнцыі.

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 30 верасня 1956 г. у Рызе з рук біскупа Казіміра Дулбінскага. З 1999 года служыць у гродзенскай парафіi Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. 1 студзеня 2016 года святару споўніцца 90 гадоў.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.