У вігілію Нараджэння Пана біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу пастэрку ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі вернікі катэдральнай парафіі і горада Гродна.
У гаміліі іерарх адзначыў: «Спатканне з Езусам у стаенцы мае асаблівы характар, адрозніваецца ад іншых сустрэч. У будучыні да Езуса будуць прыходзіць людзі, каб нешта ад Яго атрымаць. Пракажоныя будуць шукаць ачышчэння, сляпыя — прасіць аб атрыманні зроку, паралізаваныя — аб здароўі рук і ног. У Бэтлееме ж інакш. Тыя, хто прыходзіць, не шукаюць падтрымкі, але самі стараюцца штосьці даць ад сябе. Пастухі аддаюць паклон Дзіцятку Езусу, не чакаючы нічога ўзамен».
Гродзенскі ардынарый заклікаў вернікаў, «аддаўшы пашану Езусу Хрысту, спазнаць радасць са спаткання з Божай Любоўю, якая сталася Целам і пасялілася між намі, паспяшацца дзяліцца гэтай радасцю і любоўю з бліжнімі».
«Мы павінны станавіцца новым стварэннем, сведкамі Божай любові і Яго бязмежнай міласэрнасці, — дадаў біскуп. — Будзем памятаць, што, як хрысціяне, мы пасланы да ўсіх братоў, якія церпяць, да галадаючых, прагнучых, хворых, вязняў. Мы пасланы да тых, хто сумняецца, хто згубіўся, да сумных, самотных, тых, хто не мае надзеі».
Іерарх прапанаваў вернікам падумаць над пытаннем: «Ці ўмеем мы дзяліцца любоўю з тымі, хто побач з намі?» «Падумаем найперш пра нашы сем’і. Ці сапраўды мы робім усё, што ў нашых сілах, каб жыццё нашых сем’яў было добрае і шчаслівае, поўнае супакою, дабрыні, павагі? Ці не маглі б мы рабіць штосьці большае?» — дадаў біскуп.
Па словах гродзенскага ардынарыя, «Бог у таямніцы свайго Нараджэння прыходзіць у гэты свет і заклікае да любові: у нашых сем’ях, у грамадстве, ва ўсім свеце», «да любові, якая на першае месца ставіць дабро бліжняга».
«Няхай пасланне любові, што зыходзіць з бэтлеемскай стаенкі, пранікае ў наша жыццё і перамяняе яго. А чым больш мы будзем адчуваць сябе адоранымі любоўю і благаслаўленнем Бога, тым ахвотней зможам адорваць нашай дабрынёй, супакоем і павагай іншых людзей», — пажадаў іерарх.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў усім прысустным святочныя віншаванні. Гродзенскі ардынарый пажадаў радаснага перажывання святаў Божага Нараджэння. «Няхай гэтая святочная радасць паселіцца ў вашых дамах, у месцах вучобы і працы, няхай перадасца ўсяму нашаму грамадству», — сказаў біскуп.
(JM)
|