Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Станеўскі ў ноч Божага Нараджэння ў Лідзе маліўся аб міры ў свеце: «Эмануэль, дапамажы нам стаць людзьмі міру»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.12.2015 15:07

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў ноч Нараджэння Пана, калі ўзгадваецца прыйсце ў свет Божага Сына, маліўся з вернікамі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара). Іерарх узначаліў у парафіі святую Імшу пастэрку.

У Эўхарыстыі ўдзeльнічалі шматлікія жыхары горада Ліда.

На пачатку Імшы біскуп заахвоціў сабраных да малітвы аб міры ў свеце, бо, як адзначыў, святы Божага Нараджэння нясуць для сучасных людзей пасланне і заклік да захавання міру ва ўсім свеце, сямейных супольнасцях і грамадстве.

Як сказаў іерарх у гаміліі, «нас нанова ўзрушвае той факт, што Бог стаў Дзіцяткам, каб мы маглі Яго любіць, як Дзіця аддаецца з даверам у нашы рукі».



Па словах біскупа, «мы жадаем рэчаў, да якіх можна дакрануцца, спаўнення асабістых планаў», і «ў нас няма месца для іншых, для дзяцей, бедных, самотных або вязняў».

Іерарх падкрэсліў важнасць навяртання, якое «павінна здзейсніцца ў глыбіні нашых адносін з рэчаіснасцю».

«З хвалой Богу на вышынях звязаны супакой на зямлі і паміж людзьмі. Там, дзе не аддаецца хвалы Богу, дзе пра Яго забываюць або супраціўляюцца Яму, там няма і супакою», — заўважыў біскуп.



«Калі зневажаецца дадзеная Богам годнасць чалавека, ён перастае быць вобразам Бога, які мы павінны шанаваць у чалавеку слабым, адзінокім, бедным, — адзначыў біскуп. — Але калі святло Бога заяснее над чалавекам і ў чалавеку, то яго годнасць становіцца непарушнай. У Святую ноч сам Бог стаў чалавекам, народжанае Дзіця з’яўляецца “Эмануэлем” — Богам з намі, нашым супакоем».

Іерарх заклікаў вернікаў маліцца за людзей, якія сёння пакутуюць ад сваіх братоў і гінуць ад рук тэрарыстаў, а таксама каб хрысціяне, мусульмане і ўсе людзі добрай волі супольна будавалі сваю будучыню ў Божым супакоі.



«Эмануэль, дапамажы нам стаць людзьмі міру», — прамовіў біскуп у малітве.

У віншаваннях на заканчэнне Імшы іерарх пажадаў усім прысутным быць вестунамі Божага супакою і клапаціцца аб міры і згодзе найперш у сваіх сем’ях.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.