Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ва ўрачыстасць Нараджэння Пана: «Будзем міласэрнымі, як міласэрны Бог»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.12.2015 16:31

Радасць святаў Божага Нараджэння дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі раздзяліў з вернікамі лідскай парафіяльнай супольнасці Узвышэння Святога Крыжа (Фара). 25 снежня іерарх узначаліў святую Імшу ў парафіяльным касцёле.

Біскуп заахвоціў у гэты асаблівы дзень агарнуць малітвамі ўсіх тых, хто вымушаны перажываць Божае Нараджэнне ў беднасці, смутку або ў міграцыі.

У гаміліі іерарх заўважыў, што Бог рознымі спосабамі прамаўляў да людзей, а «сёння здарылася штосьці большае: Бог аб’явіўся», «выйшаў з недаступнага святла, у якім прабывае». «Ён не з’яўляецца якойсьці ідэяй, чымсьці, што трэба дадумваць на падставе слоў прарокаў. Ён “аб’явіў сябе”. Апостал піша: аб’явілася дабрыня і любоў Бога да людзей», — падкрэсліў біскуп.



«Бог аб’явіўся як Дзіця. Здавалася б, менавіта такім чынам Ён супрацьпастаўляе сябе ўсялякаму насіллю і прыносіць пасланне, якім з’яўляецца супакой. У той час, калі свету нястомна пагражае насілле ў многіх месцах і рознымі спосабамі, будзем заклікаць Пана: выяві сваю моц», — сказаў іерарх.

«Дазволім, каб гэты Бог учыніў нас чулымі, — заахвоціў біскуп вернікаў. — Будзем маліцца ў гэты час найперш таксама за тых, хто вымушаны перажываць Нараджэнне Пана ў беднасці, смутку, будучы мігрантамі, каб ім аб’явіўся промень дабрыні Бога, каб да іх і да нас дакранулася гэтая дабрыня, якую Бог разам з нараджэннем свайго Сына ў стайні захацеў прынесці ў свет».



«Будзем міласэрнымі, як міласэрным ёсць Бог», — заклікаў біскуп Юзаф Станеўскі.

Таксама падчас гэтай святой Імшы біскуп маліўся за бацькоў святароў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў, чые дзеці ў гэтае свята знаходзяцца з прычыны душпастырскага клопату не з бацькамі, а з вернікамі ў парафіях.

Пасля Эўхарыстыі прысутныя святары, дыякан і навучэнцы семінарыі выказалі ўсім святочныя пажаданні.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.