Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана навучэнцы семінарыі ў Гродне наведалі некаторыя парафіі дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.01.2016 15:15

6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведваюць некаторыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам з вернікамі памаліцца аб новых пакліканнях да Божай службы, падзякаваць за матэрыяльную і духоўную падтрымку іх навучальнай установы.

У гэты дзень па традыцыі ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі збіраюцца ахвяраванні на ўтрыманне семінарыі ў Гродне. Карыстаючыся нагодай, навучэнцы семінарыі дзякуюць вернікам дыяцэзіі за малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, у інтэнцыі семінарыі, а таксама за матэрыяльны клопат аб гэтай навучальнай установе.

У гэты дзень у парафіях семінарысты агучваюць Слова членаў Савета Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, скіраванae да вернікаў дыяцэзіі.

«Мы хочам шчыра падзякаваць за вашы малітвы аб шчаслівай, у адпаведнасці з воляй Бога, будучыні нашай семінарыі. Для нас ваша малітва з'яўляецца найбольш значным знакам вашай адкрытасці да той установы, у якой рыхтуюцца будучыя святары», — гаворыцца ў Слове.

«Мы ўсе ведаем, наколькі патрэбнымі з’яўляюцца святары Касцёлу і ўсяму грамадству, а таксама тым краінам, якія яшчэ не ведаюць Хрыста. Мы ўсе разумеем, што для таго, каб плённа выконваць місію абвяшчэння навукі Езуса Хрыста ўсяму свету, трэба быць добра падрыхтаваным духоўна і інтэлектуальна, што не можа адбывацца ў адну хвіліну, а патрабуе многіх гадоў падрыхтоўкі, асабліва ў духоўнай семінарыі», — адзначаецца ў ім.



Члены Савета семінарыі абяцаюць частую і сардэчную малітву за вернікаў і жадаюць шчаслівага новага 2016 года.

Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года, размясцілася ў мурах былога кляштара айцоў бэрнардынцаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа.

У 2015 годзе адзначаліся ўрачыстасці 25-гадовага юбілею існавання семінарыі, якая, як часта гаворыцца, з’яўляецца «сэрцам дыяцэзіі».

Зараз у семінарыі вучыцца каля 30 чалавек, а за 25 гадоў яна падрыхтавала больш за 200 святароў, якія нясуць душпастырскую службу не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах былога Савецкага Саюза і ў Апостальскай Сталіцы.

(JM)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.