Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сапоцкінскі дэканат у 15-ты раз зладзіў свята каляднага спеву
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.02.2016 10:13

31 студзеня ў Доме культуры мястэчка Сапоцкін адбыўся вечар, прысвечаны спеву калядак і пастаралак. Гэтае свята прайшло ў юбілейны 15-ты раз і сабрала вернікаў з парафій дэканата, каб разам у святочнай атмасферы дзяліцца аплаткай, цешыцца спевам удзельнікаў і самім заспяваць любімыя калядкі.

«Наш Сапоцкінскі Дом культуры ператвараецца зараз у Бэтлеем, дзе паплывуць у неба калядкі, каб дзякаваць Богу за нараджэнне Божага Сына», — такія словы прагучалі на адкрыццё канцэрту ад вядучых, якія заахвоцілі ўсіх разам, як у сямейнай атмасферы, правесці вечар, каб стаць сведкам сапраўднай радасці.

Разам праслаўляць Езуса Хрыста

Па ўжо ўсталяванай традыцыі на конкурс калядных спеваў завіталі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Генеральны консул Рэспублікі Польшча у Гродне Збігнеў Прухняк, а таксама шматлікія госці з Гродна, Ліды, Радуня, Іўя і ваколіц.

У гэтым годзе сабралася фенаменальная колькасць жадаючых падзяліцца сваім спевам з братамі і сёстрамі — каля 200 удзельнікаў. Праграма складалася з 24 нумароў, паміж якімі былі як гурты, так і салісты, дуэты. Дастаткова невялікі зал Дома культуры маленькага мястэчка быў напоўнены.

Як адзначыў, вітаючы прысутных, арганізатар свята кс. Антоні Абухоўскі, пробашч сапоцкінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, важна проста «быць разам, разам праслаўляць Езуса Хрыста». Менавіта такія сустрэчы, паводле слоў святара, ствараюць клімат адзінства і братэрства, а таксама яднаюць людзей.

Выключным, дадаў святар, з'яўляецца тое, што «гэта не конкурс, не спаборніцтва, а звычайны спеў на хвалу маленькага Дзіцяці, дзе кожны аднолькавы. Гэта паказвае, што няма лепшых і найлепшых, а ўсе мы з’яўляемся каханымі дзецьмі Хрыста. Паміж удзельнікамі няма ніякага спаборніцтва, бо ўсе ведаюць, што гэта спеў для Бога, для якога важны кожны чалавек, і важна любіць кожнага аднолькава».

Кожны ўдзельнік быў узнагароджаны апладысментамі. Напрыканцы ўсіх чакалі памятныя дыпломы і салодкі пачастунак.

Спявалі для Пана як дзеці і моладзь, так і дарослыя. Парадавала прысутных і сям’я Станкевічаў з Сапоцкіна: маці, бацька і тры дачкі. Сваім спевам сям'я дала цудоўны прыклад для іншых сем’яў, як трэба практыкаваць супольную малітву, бо спеў — гэта таксама як адна з яе форм.

Акрамя ўдзельнікаў з дэканату, прыехалі і госці з іншых дэканатаў. Прыбылі дзіцячыя гурты «Misterium» з парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, «Liberamente» з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Заспявалі вясёлыя калядкі дзеці з лідскай парафіі Святой Сям’і, а таксама група дзяцей з радуньскай парафіі Маці Божай Ружанцовай.

Ужо традыцыйна завітаў парафіяльны хор са сваім душпастырам з Капцёўкі.

Упершыню прагляд калядак Сапоцкінскага дэканату наведаў семінарыйны гурт «Ave» з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і кс. Ян Гавэцкі з Іўя, які з’яўляецца арганізатарам вялікага фестывалю калядных песень у сваім дэканаце.

Як і ў мінулыя гады, асаблівую ўвагу прыцягнула выступленне дзіцяча-моладзевага гурта «Laudate Dominum» з сапоцкінскай парафіі. Кожны год яны стараюцца прыдумаць нешта арыгінальнае і, дзякуючы несамавітым ідэям сястры Эўхарыі і нялёгкай працы для іх ўвасаблення, атрымліваюцца цудоўныя выступленні. Напрыклад, сёлета гурт заспяваў калядку па-яўрэйску, дапамагаючы самаробнымі інструментамі, што нагадваюць маракасы.

На заканчэнне супольнага спеву калядак да прысутных звярнуўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гродзенскі ардынарый адзначыў, што гэты вечар стаў святам для ўсяго дэканату і ўсіх гасцей, падзякаваў усім за сямейную атмасферу і за тое, што захацелі быць разам. «Менавіта такія сустрэчы дадаюць нам упэўненасці, што ва ўсім мы не адны, а што з намі Бог і побач з намі мноства іншых людзей, якія жадаюць нам дабра», — сказаў біскуп.

Вечар калядак і пастаралак у Сапоцкіне атрымаўся сапраўды юбілейным. Адчувалася еднасць, цеплыня, супакой.


Вераніка Ольшаўскайтэ

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.