Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З гісторыі мірскай парафіі: чатыры стагоддзі пасля Сіроткі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.03.2016 09:36

Сёлета споўнілася 400 гадоў з той пары, як зямны свет пакінуў вядомы дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мецэнат і пісьменнік Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка.

Нядаўна ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы з гэтай нагоды адбылася адмысловая малітва. І гэта не выпадкова. Мураваная архітэктура мястэчка — самая вядомая з пакінутай спадчыны магната. Але не толькі тут пакінуў Сіротка свой добры след на зямлі. Ён таксама фундаваў касцёлы, замкі, кляштары і шпіталі ў Міры, Дзераўной, Чарнаўчыцах, Свержані, Белай і інш.

І будзе справядліва казаць, што яго жыццё ўвогуле было прыкладам ахвярнасці і адданасці добрым людзям, справе адраджэння і развіцця роднай зямлі. Як вядома, Сіротка рабіў шчодрыя ахвяраванні на карысць дабрачынных арганізацый, дапамагаў хворым і нямоглым, сіротам і бедным. Таксама фундаваў развіццё навукі і друку, ініцыяваў вялікую працу па картаграфіі Вялікага княства Літоўскага.

 

Унутранае ўбранне святыні. Фота Віталя Раковіча

Нягледзячы на ўсё багацце, якое атачала яго, як найвялікшую святыню ён зберагаў пілігрымскае адзенне, у якім прайшоў шлях да Святой Зямлі. У гэтым жа адзенні прасіў пакласці яго ў труну. Бо заўжды ведаў, што толькі з Богам можна быць сапраўды шчаслівым і знайсці суцяшэнне ў цяжкія хвіліны.

Мір і Радзівілы

Жыццё чалавека цяжкае, поўнае выпрабаванняў, узлётаў і заняпаду. Такое ж цяжкае і жыццё святынь. І калі пра нясвіжскую спадчыну Сіроткі вядома шмат, то астатняя яго спадчына незаслужана застаецца ў ценю. У самым цэнтры мястэчка Мір стаіць невялікі і з першага погляду сціплы касцёл. Гэта апошняя святыня, будаўніцтва якой фундаваў Мікалай Крыштаф Радзівіл.

Сёння дзверы касцёла адкрыты кожнаму, хто прагне Божай ласкі і слова веры. Але так было не заўсёды. За чатыры стагоддзі існавання пасля Сіроткі святыня зведала росквіт і рабаванне, занядбанне і адраджэнне.

 

Пасля пераходу мірскіх зямель да Радзівілаў у XVI стагоддзі Мікалай Крыштаф на месцы старога касцёла, які пабудавалі папярэднія ўладальнікі Іллінічы, пабудаваў новы. У 1587 годзе асвяціў і аддаў яго на Божую ласку брат фундатара — біскуп Віленскі Ежы (Юрый) Радзівіл. Тым не менш у хуткім часе было прынята рашэнне аб будаўніцтве мураванага касцёла, бо папярэдні не мог задаволіць патрэб вернікаў, якіх у мястэчку станавілася ўсё больш.

Праект святыні выканаў вядомы італьянскі архітэктар Джавані Марыё Бернардоні, які да гэтага часу ўжо скончыў будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Пры гэтым непасрэдна будаўніцтвам кіраваў сам магнат Радзівіл. Новая святыня паўстала за шэсць гадоў, і 21 жніўня 1605 г. касцёл святога Мікалая быў асвечаны і ўжо пасля капітальна амаль не перабудоўваўся.

Цікавая гісторыя пра касцёл згадваецца ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш»: «Так і ў касцёле Мірскім ксёндз каля арганаў павесіў косці выкапнёвых веліканаў».

Аказваецца, што ў час закладкі падмуркаў у зямлі былі знойдзены вялікія косткі дапатопнага звера (магчыма, маманта), і паводле традыцыі, што існавала ў тыя часы, яны доўгі час экспанаваліся ў касцёле.

Мікалаеўскі касцёл і гістарычны кантэкст

Амаль праз стагоддзе ад часу пабудовы Мікалаеўскага касцёла праз падзеі Паўночнай вайны будынак значна пацярпеў. Але не доўгі час святыня стаяла ў заняпадзе. Як сапраўдны нашчадак свайго знакамітага продка, князь Караль Станіслаў Радзівіл у 1710 годзе зладзіў капітальны рамонт касцёла і прылеглых будынкаў. Акрамя таго, у адмыслова пабудаванай званіцы быў змешчаны вялікі звон «Караль», які паводле паданняў адлілі са шведскіх гармат. Святыня стала нават прыгажэй, чым была, і гукі «Караля» доўгі час песцілі слых, а густоўнасць убрання касцёла радавала вочы многіх знакамітых людзей таго часу.

Адным з такіх людзей быў бацька вядомага навукоўца, удзельніка таварыства філаматаў, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. У 1809 годзе пад гукі таго самага «Караля» ён знайшоў тут свой апошні спачын.

Пакінуў свой след у гісторыі касцёла і хіба самы знакаміты на той час парафіянін — паэт, драматург, перакладчык Уладзіслаў Сыракомля. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён разгарнуў цэлую кампанію па зборы сродкаў для рамонту святыні.

Падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў трагічна адбіліся на лёсе касцёла святога Мікалая. Першапачаткова яго зачынілі, а пасля прыстасавалі пад праваслаўную царкву, у якасці якой ён дзейнічаў 54 гады.

На фота: выява касцёла св. Мікалая Фелікса Бжазоўскага. 1882 год

Праз паўстагоддзя, у 1919 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Мацкевіча католікі зноў вярнуліся ў сваю старадаўнюю святыню. Здавалася, што наперадзе толькі шчасце і дабрабыт, але самыя вялікія выпрабаванні яшчэ чакалі вернікаў і Мікалаеўскі касцёл.

На фота: Мікалаеўскі касцёл у Міры. Пачатак ХХ ст.

Прыйшла Другая сусветная вайна. Пачаліся абстрэлы, акупацыя, рабаванне. Увосень 1942 года быў забіты ксёндз Антоній Мацкевіч. Касцёл застаўся без гаспадара. Пачаўся доўгі перыяд заняпаду.

На фота: пахаванне князя Міхаіла Святаполк-Мірскага, 1936 год

Хроніка пасляваенных падзей пакідае шмат пытанняў і яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Як і многія святыні ў той перыяд, касцёл быў зачынены. Пэўны час там месціўся склад. Былі разбураны два верхнія ярусы вежы, бакавыя вежачкі, пазней абваліўся дах.

Вяртанне і аднаўленне

У 1990 годзе ў такім занядбаным выглядзе касцёл святога Мікалая быў вернуты вернікам. Паступова наладжвалася і адраджэнне парафіі. У 2001-2002 гадах з нагоды рэспубліканскага свята «Дня пісьменства», якое прымаў у сябе Мір, былі праведзены рэстаўрацыйныя работы.

Касцёл у Міры. Фота Віталя Раковіча

У 2009 годзе першым з часоў Другой сусветнай вайны пробашчам касцёла стаў кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Жыццё зноў вярнулася ў святыню. Пачаўся перыяд адраджэння.

Дзякуючы клопату кс. Аляксандра і намаганням самай нешматлікай у Гродзенскай дыяцэзіі парафіі, касцёл быў добраўпарадкаваны і знутры, і звонку. Па фотаздымках быў адноўлены алтар.

Пробашч парафіі ў Міры — кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Фота Віталя Раковіча

За гэтыя сем гадоў у касцёле адбылося шмат цікавых падзей. Ганаровымі гасцямі парафіі былі вядомыя экзарцысты айцец Руфус Перэйра (Індыя), айцец Джэймс Манджакал (Індыя), старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Для дзяцей і дарослых тут ладзяцца катэхезы, праходзяць рэкалекцыі. Вернікі ўдзельнічаюць у пілігрымках, штогод адбываюцца канцэрты аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, ладзіўся мастацкі пленэр-конкурс «Я малюю гісторыю», дзе дзеці натхнёна малявалі святыню, укладаючы ў мастацтва свае адносіны да веры, касцёла, гісторыі.

Свята св. Мікалая ў парафіі. Фота Зміцера Невяроўскага

Сёння дзверы касцёла святога Мікалая ў Міры адчынены кожнаму, хто прагне Божай ласкі і Яго слова. Застаецца толькі назіраць за цудоўнымі пераменамі ў жыцці святыні і спадзявацца, што ўсе ліхія часы ўжо ў мінулым.

Так і стала, што маўклівымі сведкамі жыцця і дзейнасці Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) сталі створаныя ім святыні. Большасць з іх дзейнічае да гэтай пары і там дагэтуль шануецца імя свайго фундатара і заснавальніка. І ў кожнай з іх сваё жыццё, свая гісторыя, сваё мінулае і будучыня.

Таццяна Пятрова


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.